Старшы выкладчык ГДТУ ім. Сухога Таццяна Юфанава сышла з ВНУ «па пагадненні бакоў». Неафіцыйная прычына — удзел у акцыі пратэсту і адміністрацыйнае пакаранне па 23.34. Гамяльчанка распавяла гісторыю «Моцным Навінам».

Таццяна Юфанава сама калісьці скончыла ГДТУ, прычым з адзнакай. Засталася ў ВНУ, 15 гадоў выкладала на кафедры «Прамысловая цеплаэнергетыка». Летам, кажа, праявіла грамадзянскую актыўнасць — была ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі, на выбарах — назіральнікам ад «Сумленных людзей». За гэта на працы не ціснулі.

— Пачалося яшчэ ў маі, калі быў збор подпісаў. Ну, а потым у ліпені мы сышлі ў адпачынак. Ва ўніверсітэце, можа, і ведалі [аб дзейнасці], але нічога не казалі.

У канцы верасня старшы выкладчык атрымала штраф па 23.34 за ўдзел у нядзельнай акцыі. З 1 снежня Таццяна Юфанава больш не працуе ў ВНУ.

— Пачалося ўсё, калі Лукашэнка выступіў і сказаў, што ва ўніверсітэтах трэба пазбаўляцца ад ненадзейных выкладчыкаў. Тады пачалі пагаворваць пра тлумачальныя. У лістападзе ўсё стала зразумела, мне дазволілі дапрацаваць да канца месяца. Я не чакала і не планавала звальняцца, але была гатовая да гэтага. Непрыемна, што так выкідваюць. Усё ж такі 5 гадоў вучобы і 15 гадоў працы ў адной ВНУ.

Таццяна — энергетык па спецыяльнасці. Кажа, выкладчыкам працаваць ужо не будзе, магчыма, пойдзе ў іншую галіну.

— Ні пра што не шкадую. Веру, што ўсё ў нас будзе добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0