korelichy.by

korelichy.by

У Карэлічах затрымалі заснавальніка і рэдактара рэгіянальнага сайта Korelichi.by Караліну Князькову. Паводле інфармацыі афіцыйнай групы выдання ў Укантакце, усё адбылося раніцай 9 снежня. Дома ў дзяўчыны быў агляд, канфіскавалі тэхніку, піша Tut.by.

Караліна Князькова працуе інструктарам-метадыстам у ДЮСШ Карэліцкага раёна.

— Я маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, вяду навінавы мясцовы незалежны сайт, удзельнічала ў мітынгах і акцыях. Была асуджаная разам з усёй сям'ёй паводле арт. 23.34 КоАП праз фота са сцягам. У верасні з-за гэтага муж сышоў з міліцыі, праз пару дзён мяне папрасілі напісаць заяву на звальненне з працы па сумяшчальніцтве. Я напісала. Зараз у сям'і зарабляю толькі я, працуючы ў спартыўнай школе. Апошні месяц на мяне пачаўся вельмі моцны ціск, мяне спрабуюць звольніць да канца кантракта, а ён заканчваецца 8 студзеня. Я адмаўляюся пісаць заяву па ўласным жаданні, але і па артыкуле мяне не могуць звольніць — прычын няма, — распавядала на днях Tut.by Караліна.

Паводле інфармацыі групы ў Укантакце Korelichi.by, таксама затрыманыя бацькі Караліны. На ўсіх членаў сям'і склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КоАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

— Абяцалі, што бацькоў вечарам адпусцяць, а Караліна будзе чакаць суда ў ІЧУ. Суд павінен прайсці заўтра — распавялі знаёмыя дзяўчыны. — Магчыма, яе там пакідаюць, каб была афіцыйная прычына звольніць з працы — бо гэта можна палічыць за прагулы, напрыклад.

Муж Караліны не затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0