Фота Віталя Палінеўскага
У пятніцу з'явілася навіна, што мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, заявіў, што напісаў прашэнне аб адстаўцы.
Арцыбіскуп Кандрусевіч зараз знаходзіцца на Беласточчыне, яго не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня, калі ён вяртаўся з Польшчы
«Яшчэ іншая справа, што 3 студзеня наступнага года мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна падаю прашэнне аб сыходзе з пасады і павінен выйсці на пенсію. Я ўжо напісаў просьбу аб адстаўцы і ў найбліжэйшы час перадам яе нунцыю», — сказаў іерарх.
Рэдакцыя парталу Catholic.by папрасіла пракаментаваць гэтыя словы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, які з’яўляецца канцлерам Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і спецыялістам у галіне кананічнага права Каталіцкага Касцёла.
«Паводле канона 401, параграф 1, кожнаму дыяцэзіяльнаму біскупу, калі яму спаўняецца 75 гадоў, прапануецца падаць прашэнне аб сыходзе з пасады Святому Айцу, які, разважыўшы ўсе абставіны справы, прыме сваё рашэнне.
Але гэта не азначае, што па дасягненні 75-гадовага ўзросту дыяцэзіяльны біскуп аўтаматычна ідзе ў адстаўку.
Дыяцэзіяльны біскуп перастае выконваць свае абавязкі толькі пасля таго, як яго адстаўка будзе прынята Святым Айцом», — падкрэсліў святар.





