11 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прайшло другое папярэдняе судовае пасяджэнне па пазове амапаўца Андрэя Бекіша да «Нашай Нівы». Бекіш лічыць, што ўспаміны яго аднакласнікаў, апублікаваныя на сайце, ганяць яго гонар і годнасць, а таму хоча атрымаць 3000 рублёў. Амапавец хоча перавесці іх на дабрачыннасць.
Андрэй Бекіш, фота Надзеі Бужан
Чытайце пра першае пасяджэнне: «Пісалі, што я ледзь не маньячэла». Амапавец Бекіш судзіцца з «Нашай Нівай»
Упершыню імя Бекіша стала вядомым у сярэдзіне ліпеня пасля публікацыі ў тэлеграм-канале Сцяпана Пуцілы. Рэч у тым, што людзі пазналі яго ў чалавеку ў шэрай майцы, які ўдзельнічаў у затрыманні мірнага дэманстранта.
Праз два дні выйшаў матэрыял на «Нашай Ніве». А ў жніўні на «Карніках Беларусі» апублікавалі адрас і тэлефон амапаўца. Бекіш не мае прэтэнзій да тэлеграм-каналаў, яго абурае толькі артыкул на «НН».
Падчас пасяджэння амапавец адказваў на пытанні адваката Сяргея Зікрацкага.
Амапавец Андрэй Бекіш быў не у форме, у цывільным
Сяргей Зікрацкі: Скажыце, 14 ліпеня прымянялі фізічную сілу ў адносінах затрыманых, я правільна разумею?
Андрэй Бекіш: Папраўка: у артыкулах пішуць «затрыманых» — множны лік. Хоць людзей у множным не было. У адносінах мяне не было нейкіх заяў, скаргаў, што я некага збіваў. Не было сведчанняў, што «з вялікім імпэтам» збіваў. Там была такая сітуацыя, што актыўны супраціў аказваўся, і таму было затрыманне. Згодна з законам аб унутраных справах з прымяненнем сілы. А мэтанакіравана кагосьці там затрымліваць і збіваць — такога не было. Тым больш вы напісалі «затрыманых» — множны лік.
— Вы толькі аднаго ўдзельніка несанкцыянаванага масавага мерапрыемства затрымлівалі з прымяненнем сілы? Ці было некалькі ўдзельнікаў?
— Дакладна не скажу. Затрыманняў тады было шмат. (Неразборліва). Ён адзіны аказваў актыўны супраціў. Іншыя нармальна праходзілі. Паказвалі дакументы, вызначалі асобу і адпускалі.
— Якім чынам вы прымянялі фізічную сілу? Што канкрэтна рабілі?
— Два ўдары. Калі вы прыгледзецеся, на відэа відаць, дзе галава чалавека і дзе цела. Удары наносіліся ў бок сцягна і ягадзіц, вось у гэту частку (паказвае на сабе). Ён аказваў супраціў, спрабаваў нагамі зачапіцца за калег.
— Суддзя Іна Ялавая: А якія дзеянні рабіў пратэстовец?
— Калі да яго падышлі, ён пачаў адштурхоўваць спачатку, выварочвацца. Яго просяць прайсці ў транспарт першапачаткова, ён не захацеў. Ужо на той момант былі сутыкненні з супрацоўнікамі АМАПа, якія нават у форме знаходзіліся. Я думаю, ён спецыяльна гэта рабіў, на публіку.
— Суддзя: Тая асоба была затрыманая і дастаўленая ў аддзяленне?
— Думаю, у Цэнтральнае РУУС.
— Проста каб удакладніць: ён адштурхоўваў вас і вы вырашылі прымяніць фізічную сілу? Ці не вас?
— Усіх адштурхоўваў. Падышлі, каб змясціць у транспарт, ён супраціўляўся. Там амаль бойка. Першапачаткова мы падышлі па-нармальнаму, па-добраму: «Пройдземце з намі»
— І ён адштурхоўваў некалькі супрацоўнікаў міліцыі?
— Так, ён з усімі.
— І ў які момант вы прымянілі фізічную сілу? Адразу ці праз нейкі час?
— Праз нейкі час. Мы спрабавалі размясціць яго ў транспарт, проста занесці яго. Калі чалавек пасля, (неразборліва) удары мімаходзь праскочылі. Відэа ў інтэрнэце няпоўнае. Там не відаць пачатку, дзе ён рэальна супраціўляецца.
— А вы наносілі яму ўдары, калі яго заносілі?
— Калі яго яшчэ (неразборліва)
— Вы пачалі расказваць пра ўдары — куды і чым?
— Наносіліся два ўдары рукой вось недзе тут, ніжэй за пояс, задняя частка цела. Чаму сюды? Магу паказаць (смяецца)…
— Суддзя: Не-не!
— Не ўдары! (Неразборліва) Каб завесці яго, разумееце? Калі паглядзець відэа, там відаць, дзе яго цела. І згодна з законам з найменшай шкодай для здароўя. Я не біў яго ў жыццёва важныя органы: у галаву там — барані Божа! Не біў у вобласць сэрца, жывата, нырак там… Біў у месцы, куды згодна з законам нават гумовыя палкі прымяняюцца. Мяккія часткі, разумееце? Я яго не калечыў.
— І вы нанеслі два ўдары?
— Два.
— Рукой?
— Кулаком.
— Удараў нагой не было?
— Не.
***
— Пра тое, што вам прыходзілі паведамленні і кідалі лістоўкі ў паштовую скрыню. Вы можаце прынесці гэту лістоўку?
— Гэтыя лістоўкі перададзеныя ў адпаведныя органы, якія збіралі факты таго, што ў адносінах мяне рассылаліся пагрозы.
— Ці звярталіся вы ў праваахоўныя органы з заявай аб завядзенне справы ці правядзенне праверкі па факце пагроз?
— Так, звяртаўся.
— Вынік ёсць?
— Гэта службовая інфармацыя.
— Суддзя: Адкажыце.
— Асобы не выяўляныя.
— Вы казалі пра паведамленні. Гэта было смс ці ў месенджарах?
— Там паўсюль ішло: і ў вайбер, і ў тэлеграм. І на сам тэлефон.
— Ці можаце вы прадаставіць факт атрымання?
— Гэтая сімка ўжо даўно заблакаваная, я не карыстаюся ёй.
— Ці звяртаўся нехта да вас асабіста з нагоды публікацыі на «Нашай Ніве»?
— Асабіста ніхто.
— А чаму вы ацанілі сваю маральную шкоду ў такую суму, 3000 рублёў?
— Глядзіце, па-першае, шмат званкоў, нават у маім родным горадзе. І калі выйшла публікацыя, увесь горад пра гэта гаварыў. Гэта абмяркоўвалася па-любому. Кожны недзе чуў.
— Хто дзе чуў?
— Я кожнага пералічваць не буду.
— Ну назавіце некалькі.
— Таго, што гэты артыкул недзе абмяркоўваўся, так?
— Ну так. Мы гаворым пра 3000 рублёў. 3000 рублёў — гэта немалыя грошы. Не ведаю, як для супрацоўніка АМАПа, але для «ННбай» — дакладная немалыя.
— На працы ў маіх (неразборліва). І нават пасля першага судовага пасяджэння кожны лічыў патрэбным (неразборліва). Абмеркаванне было, і ніхто не хоча разбірацца.
— Мы кажам не пра суд, а пра 15 ліпеня.
— Ёсць пару канкрэтных прыкладаў, дзе ўсё гэта абмяркоўвалася. І нават з тымі людзьмі, якія сказалі, што яны мяне ведаюць, нават да іх негатыўнае стаўленне. Магу прадаставіць гэтых людзей.
— Суддзя: А менавіта пасля самой публікацыі вашы адчуванні? Што вы адчувалі?
— Ну канечне, перажываў. Напісалі «збіваў». Ну дзе хто збіваў?! Я выконваў свае службовыя абавязкі! Напісалі яшчэ, што з заскокамі чалавек, што ў школе… А такога не было па факце.
***
— Вы сказалі: «Проста так я не мог ударыць. У цэлым я быў неканфліктным чалавекам. Я менш за ўсіх уступаў у канфлікты». «Проста так я не мог ударыць». А не проста так маглі ўдарыць? За штосьці?
— Кожны хлопчык — усе ў школе вучыліся… — недзе там бывала паштурхацца, пабіцца, калі задзіраюцца. Калі маленькі. Усё гэта выключна ў дзяцінстве. Самі лезуць, пабіць вас хочуць. Канечне, вы самі за сябе заступацца будзеце. Толькі ў такім кантэксце. І тое вельмі-вельмі рэдка.
— Але канфлікты ўсё ж былі.
— Без канфліктаў немагчыма. Але я стараўся ці згладзіць, ці пазбегнуць.
— Колькі на вашай памяці было канфліктаў, калі вы біліся з кімсьці?
— За ўсю школу разы два, і тое з адным і тым жа чалавекам. Ведаеце, ёсць у класе такі хлопец, які трошкі так задзіраецца. І тое гэта было ў малодшых класах.
— А дзяўчынак не білі?
— Дзяўчынак? (Смяецца) Не, дзяўчынак не чапаў.
***
Суд працягнецца 29 снежня. Суадказчыкам па пазове прызнаная пазаштатная карэспандэнтка «Нашай Нівы» Наталля Тур, аўтарка тэксту. Некалі яна працавала ў школе, у якой вучыўся Андрэй Бекіш.





