У сацыяльных сетках шалёна распаўсюджваецца гісторыя мінчанкі Кацярыны, якая ў 33 гады загаварыла па-беларуску. І вось чаму.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Калі б мне хто сказаў, што ў 33 гады я пачну размаўляць на беларускай мове, я б падумала, што ён добра так хварэе на галаву.

Але жыццё — штука неверагодная.

Мне 33. Я прадпрымальнік. Маці дваіх дзяцей. Дачка, жонка, суседка, сяброўка, выпадковая знаёмая, грамадзянка Беларусі. Маю дзве вышэйшыя адукацыі.

Падзеі нашай краіны накрылі мяне, як тую муху гранёным стаканам. Так здарылася, што я, як і многія з вас, бачыла шмат сваімі вачыма. Не праз экран тэлефона, не праз «знаёмы майго знаёмага». Я дарослая дзяўчына і веру перш за ўсё сабе.

У канцы жніўня я купіла сцяг. У нядзелю была там жа, дзе і вы. Мой муж жартаваў: «Мая жонка мыецца па дзве гадзіны, кудысьці сыходзіць і вяртаецца толькі ўвечары». Мы дамовіліся, што калі не з’яўляюся а сёмай гадзіне — шукай. Толькі не хвалюйся, родны.⠀

Як ён мяне трывае — сама не ведаю.⠀

Прайшло чатыры месяцы. І ўсё ганяю адны і тыя ж думкі. Мы ўсе «топім» пад лозунгам «Жыве Беларусь». Адзін-два разы на тыдзень. Гэта тое самае, калі б хтосьці шчыра казаў «Жыве Каця!» (устаўце сваё імя) і пры гэтым наліваў талерку супу адзін-два разы на тыдзень.⠀

Мы кажам «Жыве Беларусь». Чаму не «живёт Беларусь»? Як яна выжыве, калі мы наліваем «талерку» адзін раз на тыдзень? Ці гэта мы без вялікага сэнсу: усе кажуць і я кажу? А ты зараз заплюшчы вочы і прапусці гэтыя словы праз сябе. Не ўсміхайся. Давай! Адчуваеш?

Мы, дарослыя людзі, гуляем ў хованкі і ў даганялкі з гэтымі хлопцамі, рызыкуем сабой, а варта яно таго? Ці гэта народны беларускі квэст «адхапі ў нядзелю»?

Мы б’ёмся за гэты бчб-сцяг. Каб што? Мне здаецца, нельга быць крыху цяжарнай, ці быць з лёгкім налётам патрыятызму. Ці тады не хлусі сабе і называй сцяг «бкб».⠀

Тое, што адбываецца сёння — нейкі мэйджык.

Я ўпэўнена, што наша возьме. Але што далей? Мы з вамі дарослыя людзі і зразумеем, што лёс Беларусі як краіны вырашаць не нам. Але лёс беларусаў як народу можам выбраць толькі мы самі.

І я спытала ў сябе: які твой сцяг, Каця? Бел-чырвоны-белы ці бело-красно-белый? Живёт Беларусь? Ці ўсё ж жыве Беларусь?..⠀

Я шмат разважала пра гэта. А ўчора на касе ў краме пачала размаўляць з касірам на сваёй роднай мове. На якой ніколі дагэтуль не размаўляла. Таму што шчыра і ўсім сэрцам «Жыве Беларусь!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0