Тыдзень таму стала вядома пра ўлёткі, якія невядомыя расклеілі на дамах гомельскіх актывістаў і валанцёраў. Так гараджан, якія адкрыта кажуць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, паспрабавалі ачарніць. Характэрныя ўлёткі «У вашым доме жыве аблічча пратэсту» з'яўляюцца на дамах і далей, цяпер ужо з новымі героямі, пішуць «Моцныя навіны».

Як і на мінулым тыдні, калі пад фота былі абвінавачванні ў здрадах, парушэнні ПДР, распаўсюдзе БЧБ-атрыбутыкі, на ўлётках — нібыта выкрыццё актывістаў. Адны, пішуць, «сядзяць на шыі ў бацькоў», адбылі тэрмін, пра іншых — «дапускаюць рукапрыкладства ў дачыненні да дзяцей», а хтосьці проста «заахвоціўся да змагарства».

«Моцным навінам» даслалі фатаграфіі ўлётак з інфармацыяй як мінімум пра 15 гамельчукоў. Адна з дзяўчат, чые здымкі развесілі па слупах і пад'ездах, звязалася з рэдакцыяй. Дзяўчыну завуць Аліна (імя зменена па просьбе гераіні).

— На пазамінулым тыдні людзей выклікалі ў РАУС на гутарку — ніхто не прадстаўляўся. Прасілі прайсці паліграф, пакуль ішла праверка вынікаў, на мяне ціснулі за тое, што я ўдзельнічаю ў акцыях, фатаграфуюся з БЧБ-сцягамі. Спрабавалі пагражаць, што майго маладога чалавека выключаць з універсітэта. Я правяла ў Савецкім РАУС 3 ці 4 гадзіны, паліграф пройдзены, подпіс мой стаіць, але пры гэтым няма нават позвы. А цяпер усіх пачынаюць цкаваць улёткамі.

Аліна кажа, што ў РАУС пыталіся і пра яе знаёмага, цікавіліся, ці ўжывае хлопец алкаголь. А потым з'явілася ўлётка з яго фота…

— Пісалі, што ён п'е багата, хоць чалавек наогул непітушчы. Ідзе поўны паклёп. На адной з маіх улётак хтосьці падпісаў чырвоным маркерам нумар крымінальнага артыкула за паклёп. Аднаго хлопца, фота якога вісела, затрымалі, у яго павінен быў быць суд у пачатку тыдня.

Пра саму Аліну напісалі, што яна «аказвае сэксуальныя паслугі, выкладвае ў сацыяльных сетках інтымныя фота». Яе, як і іншых актывістак, таксама абвінавацілі ў здрадах.

— Прыемнага, вядома, мала. Гэта вельмі непрыемна, тым больш я працую з людзьмі, а інфармацыя ёсць усюды: і «УКантакце», і ў тэлеграме. Усюды паскардзіцца немагчыма. Усё распаўсюджваецца паволі па ўсім горадзе. «УКантакце» ўжо пачалі дадавацца розныя мужчыны. Вядома, я адчуваю сябе ў небяспецы.

Напісана трызненне. У мяне была крымінальная судзімасць, але ў 2017-м і ануляваная. Я ўпэўненая, што гэта робіць міліцыя, таму што пашпартныя фатаграфіі, якія на ўлётках, ёсць толькі ў МУС. Збольшага там ёсць матэрыялы справы, але «перавернутыя», як ім зручна. Атрымліваецца, гэта распаўсюджванне матэрыялаў справы, яна ануляваная і нідзе не павінна публікавацца.

Яшчэ ў РАУС, адзначае гамяльчанка, на яе спрабавалі «націснуць» гэтай судзімасцю.

— Але мне было што прад'явіць у адказ. Летась мяне збілі пад домам. Была нейкая п'яная бойка. Калі вярталася дадому, на мяне напала дзяўчына, ударыла па галаве, я ўпала на жвір. Страціла прытомнасць, мяне збівалі на працягу паўгадзіны, пакуль ехала міліцыя. У мяне было страсенне мозгу. Міліцыя так нікога і не знайшла.

Такія ж улёткі павесілі і на хаце маладога чалавека Аліны. Дзяўчына кажа, гэта стрэс для яго бацькоў. Аліна плануе звязацца з адвакатам і прыцягнуць да адказнасці тых, хто распаўсюджвае інфармацыю. Кажа, з тых, каго яна ведае і хто ўбачыў сябе на ўлётцы, усе збіраюцца падаваць заявы за паклёп.

Знайшоў каля дома ўлёткі са сваім фота і актывіст, валанцёр Ілля Міронаў. Мужчына кажа, што расклеілі іх па ўсім раёне і нават дабраліся да Валатавы. Міронаў мае намер напісаць заяву ў міліцыю, каб вінаватага знайшлі і пакаралі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна