У Наваполацку 20 снежня было дзіцячае свята: ля ёлкі на Плошчы Будаўнікоў сабраліся бацькі з дзецьмі. Дзедам Марозам быў мясцовы жыхар Уладзімір. Яго асноўнае месца працы — на ЦЭЦ, а ў вольны час пераапранаецца ў «дзядулю» і радуе дзяцей. Праўда, гэтым нядзельным вечарам настрой ва Уладзіміра зусім не святочны: яго затрымалі, а праз некалькі гадзін адпусцілі. Акрамя яго пасля дзіцячага мерапрыемства ў ГАУС апынуўся яшчэ як мінімум адзін чалавек — кандыдат гістарычных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Якубаў, піша Tut.by.

Жонка Віктара Якубава: «Папрасілі праверыць»

Па словах Юліі, жонкі Віктара Якубава, само свята атрымалася: іх сям'я добра пагуляла, сабралася шмат дзяцей.

Дзеду Марозу расказвалі вершыкі, ён раздаваў падарункі. Дзеці пабегалі, павадзілі карагоды, на самакатах вакол ёлкі пакаталіся, — расказвае Юлія. — ёлка ў нас ачэплена: вакол плошчы паставілі агароджу. Але яе штогод ставяць у апошнія год пяць, можа быць. Зразумела, міліцыя — па два чалавекі — хадзіла, але ніякіх папярэджанняў не рабілі. Усё нармальна, спакойна.

Ужо потым, калі сям'я Якубавых выходзіла з агароджанай зоны, два міліцыянты папрасілі ў Віктара дакументы. З сабой іх не было.

— Тады мужу прапанавалі праехаць для высвятлення асобы. Міліцыя ішла менавіта да яго, каб затрымлівалі яшчэ кагосьці, я не бачыла. Я запытала, ці трэба ехаць мне: у мяне таксама не было пашпарта. Мне сказалі: «Не, забіраем толькі мужчынаў». Гучала так, быццам гэта ўсё было мэтанакіравана.

Праз некаторы час на хатні тэлефон датэлефанаваўся Віктар. Ён паведаміў Юліі, што яго пратрымаюць да шостай вечара, то-бок тры гадзіны, і адпусцяць.

— А праз паўгадзіны ён ужо набраў і сказаў, што да суда яго не адпусцяць, — дадае жанчына. — Бо раніцай у нас у раёне быў ланцуг салідарнасці і нібы мы там удзельнічалі. Толькі мы ў ім не ўдзельнічалі, былі дома.

Свята было арганізавана не гарадскімі ўладамі, а самімі жыхарамі горада: яны ведалі, што прыйдзе Дзед Мароз, і запрашалі адно аднаго.

Дзед Мароз Уладзімір: «Выйшаў з прадуктовага — мяне затрымалі»

Яшчэ адзін затрыманы ў гэты дзень — Уладзімір, які граў на свяце Дзеда Мароза. Яго затрымалі не каля ёлкі, а значна пазней. Мы звязаліся з мужчынам — праз некалькі гадзін пасля затрымання яго адпусцілі. Уладзімір распавёў нам падрабязнасці:

— Калі я пакінуў ёлку, зняў касцюм Дзеда Мароза і сеў у сваю машыну. Ад'ехаў ад плошчы, выйшаў у прадуктовы магазін на шляху дадому. Пры выхадзе я быў затрыманы і дастаўлены ў Наваполацкае ГАУС.

Пакуль Уладзімір быў у ГАУС, у машыне яго чакала жонка (на свяце яна была Снягуркай). У двары ГАУС машыну агледзелі і забралі па падазрэнні ва ўгоне.

Па словах мужчыны, супрацоўнікі ГАУС паводзілі сябе карэктна, многія нават дзівіліся таму, што адбылося.

— Яны проста выконвалі загад, які ім далі. Пыталіся, ці крычаў я лозунгі. Але я працаваў з дзецьмі. Дзеці лозунгі не крычалі — яны спявалі песні, расказвалі вершы. Я частаваў іх ласункамі, набытымі з маіх уласных сродкаў, — падкрэслівае Уладзімір. — У ГАУС праверылі маю біяграфію, па ўсіх пратэсных акцыях, якія праходзілі ў найбліжэйшы час. Я ў іх удзелу не прымаў. Сваю пазіцыю па тым, што адбываецца, я ім таксама выказаў — матным словам (у цэнзурнай версіі гэта гучыць як «я ў шоку»). Яны на гэта адказалі: «Ну, вы ведаеце, у якой мы дзяржаве жывём».

Уладзімір заўважае, што да гэтага лічыў заўсёды, што жыве ў нармальнай краіне. Супрацоўнікі ГАУС спрабавалі пераканаць мужчыну, што тое, што адбываецца на ёлцы, — акцыя. Ён да гэтага часу перакананы: гэта — свята.

— Мяне спыталі, ці бачыў я БЧБ-сцягі. Я сказаў, што адзін дзядуля з ім хадзіў. Па-мойму, ужо не ў першы раз я яго заўважаў, але з чым ён ходзіць — яго асабістая справа, — дадае Уладзімір. — Лозунгі ніхто не крычаў. Адным словам, гэта маразм.

У ГАУС «Дзед Мароз» бачыў некалькі затрыманых. Іх імёны ён не ведае, ці былі яны менавіта на дзіцячым свяце — таксама.

Уладзімір пераапранаецца ў Дзеда Мароза ўжо не першы год. Звычайна ён прыязджае да сваякоў і сяброў, якія яго пра гэта просяць:

— У мяне шмат сяброў і таварышаў па службе, якія просяць мяне зайсці. Я заўсёды віншую дзяцей з Новым годам напярэдадні святаў. Хоць і не заўсёды атрымліваецца з-за пазменнай працы: у будні дзень ёлку праводзіць сэнсу няма, дзяцей на ёй не будзе. У мяне самога ўнукі ёсць, дачкі, пляменнікаў шмат. Дзецям трэба несці свята. У гэтым годзе гэта была мая асабістая ініцыятыва.

Падзеямі ў краіне, лічыць мужчына, дзецям жа, наадварот, наносяць траўму:

— У сувязі з гэтымі падзеямі дзецям траўміруюць псіхіку, страшна. І якое вырасце пакаленне? З недаверам да ўсяго? Гэта проста асабіста маё меркаванне. Псуюць і ламаюць дзецям свята. Не так шмат светлых дзён цяпер.

Ва УУС Віцебскага аблвыканкама не змаглі аператыўна пракаментаваць гэты выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?