Фота з фэйсбука Кацярыны Барысевіч

Фота з фэйсбука Кацярыны Барысевіч

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч ужо больш за месяц знаходзіцца за кратамі. Зараз яна знаходізцца ў СІЗА №1 на Валадарскага ў Мінску ў статусе абвінавачванай па крымінальнай справе («справа Рамана Бандарэнкі»).

Сяброўка Кацярыны журналістка Таццяна Шахновіч расказвае для праекта «Прэса пад прэсам»

«Дзіўная справа, мы з Кацяй як быццам адчувалі нешта!

Увесь дзень да таго, як яе забралі [яна была затрыманая 19 лістапада], Каця правяла ў халодным будынку суда — чакала, калі прызначаць пасяджэнне над яе калегай Сашай Квіткевіч [была асуджана на 15 сутак].

І нечакана мне вельмі захацелася ўбачыць яе, хоць да гэтага мы шмат дзён не сустракаліся — размаўлялі толькі па тэлефоне і ў мэсэнджарах. Днём я прыехала да Каці і прывезла ёй капучына, бульбу фры. Мы паразмаўлялі, а потым разбегліся. А ўвечары я зразумела, што мне вельмі хочацца зноў убачыць Кацю. Менавіта ў гэты дзень. Другі раз за дзень.

Я тэлефаную ёй і кажу: «А шостай гадзіне я па цябе заеду, і мы едзем піць шампанскае».

На вуліцы цемра, стаяць машыны. Цёмныя машыны, але ўнутры гарыць святло і сядзяць людзі ў чорным. Мы з ёй пераглянуліся, і яна мне кажа: «Як жа добра, што ты прыехала! Бо мне здаецца, што мяне зараз забяруць!». А я адказваю: «Божа! Паехалі хутчэй адсюль!».

І мы з'ехалі. І калі ішлі ад машыны, абмяркоўвалі ўвесь гэты жах, які адбываецца вакол. Я спрабавала быць бадзёрай, быць аптымістам. А Каця пытаецца: «Ты думаеш, нас гэта ўсё міне?». Я кажу: «Вядома, вядома!».

А яна адказвае: «Не! Гэта закране кожнага».

Мы абмеркавалі, як добра, што нашы дзеці ўжо выраслі: «Уяўляеш, калі б яны былі маленькія, а тут такія рызыкі!».

Мы елі аліўкі, італьянскія сушаныя памідоры, і балбаталі пра ўсё на свеце. Балбаталі захлёбваючыся, не маглі нагаварыцца! Быў момант як быццам развітання, мы быццам адчувалі, што гэта наша апошняя размова…

А на наступны дзень Кацю затрымалі.

Нядаўна я атрымала ад яе ліст. Яна піша: «Коцік, як успамінаю нашу апошнюю сустрэчу — смяюся нястрымна. Як мы ўсе паспелі своечасова!»

Мы паспелі, і гэта выдатна.

Яшчэ Каця піша пра смачныя вяленыя памідоры, якія я купіла ёй на Камароўцы і перадала ёй у турму. Яна ўспамінае Італію, дзе сушаць гэтыя памідоры. «Яны такія салодкія, з кіслінкай! Вельмі смачна пад каву». Я чытаю і радуюся, што ў яе ёсць кава, гэтыя памідоры, якія нагадваюць ёй яе любімую Італію.

У канверт з лістом для Каці я ўклала мапу італьянскага горада Бергама, каб яна яе вывучала. У яе ж ёсць час! Але мне напісалі, што мапа —гэта забароненае ўкладанне, і вярнулі ліст. Але гэта нічога! Мы хутка абавязкова вывучым гэтую карту разам. Мы збіраліся махнуць ўдзвюх у Італію! Хадзіць у прыгожых сукенках, піць смачную каву, есці на сняданак круасаны.

Каця любіла выкладваць круасан на фота ў сацсетках. Мы з яе жартавалі, што ён у яе адзін адзіны, дзяжурны, для фота, таму што Каця не есць булкі. Але круасан — гэта сімвал чагосьці прыгожага.

Каця вельмі моцная, яна малайчына. З аднаго боку яна такая дзяўчынка-дзяўчынка, а з другога боку — абсалютны баец, стрыжань, на які хочацца раўняцца. Які вельмі хочацца мець побач як падтрымку, як цеплыню, як нешта блізкае, роднае.

Яна ўмее чапляцца ўнутранымі эмоцыямі за моманты шчасця: прыгожыя сукенкі, павольныя прагулкі, духмяныя і яркія кветкі. Нават у тых абставінах, у якіх яна цяпер знаходзіцца…»

Матэрыял узяты з праекта Press Club Belarus «Прэса пад прэсам», дзе збіраюцца сведчанні рэпрэсій супраць незалежных медыя і журналістаў у Беларусі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0