Уладзь Лянкевіч. Фота Ягора Бабія
Мінскі гарадскі суд адмяніў прысуд у 15 сутак, прызначаны паэту і музыку Уладзю Лянкевічу, піша Еўрарадыё.
Праўда, тыя 15 сутак скончыліся акурат сёння: Лянкевіч, які адседзеў «ад званка да званка», выходзіць з ізалятара ў Баранавічах.
Уладзь Лянкевіч — паэт, музыка гуртоў Partyzanski praspekt і luty sakavik. Яго затрымалі 6 снежня падчас пратэснай акцыі. На наступны дзень суддзя Кастрычніцкага раёна Аляксандр Рудэнка прызнаў яго вінаватым у «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» і ў «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы».
Для Лянкевіча гэта другі арышт за час пратэстаў. Першыя 6 сутак адміністрацыйнага арышту ён адбыў у верасні.





