Не менш як 323 чалавекі былі затрыманыя ў Беларусі ад мінулага панядзелка да нядзелі па палітычных матывах. Столькі імёнаў ведаюць праваабаронцы. (На папярэднім тыдні быў затрыманы 381 чалавек, два тыдні таму — 433 чалавекі.)

Такім чынам, як падлічыла «Наша Ніва», агульная лічба затрыманняў за час пратэстаў дасягнула як мінімум 32 018.

Варта адзначыць, што гэтая лічба далёка не поўная. Затрыманых столькі, што ўлічыць усіх немагчыма. Нават агульная колькасць людзей, арыштаваных па крымінальных справах, пакуль дакладна невядомая, бо іх вельмі шмат.

На гэты момант вядома 585 чалавек (гэты спіс па спасылцы няпоўны, праваабаронцам вядомыя імёны толькі тых людзей, чые сваякі паведамілі), якія праходзяць па крымінальных артыкулах. З іх, па падліках, «Нашай Нівы», 271 або знаходзіцца пад вартай у СІЗА і ІЧУ, або асуджаны да пазбаўлення ці абмежавання волі.

— ад Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі да журналістак Кацярыны Барысевіч і Кацярыны Андрэевай і рабочых Жлобінскага металургічнага завода, дзе крымінальную справу завялі за забастоўку.

Агулам вядомых крымінальных спраў больш за 900. Не менш за 320 прадпрыемстваў і бізнэсаў трапілі пад эканамічныя рэпрэсіі за падтрымку пратэстаў.

На мінулым тыдні, акрамя Мінска, затрымлівалі людзей таксама ў Смілавічах Чэрвеньскага раёна (7 чалавек), Наваполацку (5 чалавек на дзіцячым свяце), Брэсце, Магілёве, Маладзечне, Бабруйску, Гродне, Баранавічах, Салігорску, Мазыры, Ратамцы, Радашковічах, Віцебску, Бараўлянах, Барысаве.

У Брэсце 20 снежня затрымалі хлопца, які выйшаў на пешаходную вуліцу з дрэўкам без сцяга.

А ў Мінску, паведамляе Spring96.org, з працы забралі і адвезлі ў Першамайскае РУУС 68-гадовую Святлану Старадубец. У пастарунку на жанчыну склалі пратакол па арт. 23.34 КоАП за вывешаны герб «Пагоня» памерам фармату А4 ў акне яе кватэры на чацвёртым паверсе. У той жа і дзень адбыўся і «суд». Суддзя Таццяна Ліннік прызнала Святлану Старадубец вінаватай і пакарала штрафам 10 базавых велічынь (270 рублёў). 

Можна з дакладнасцю сказаць, што гэта самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.

Для параўнання: калі б у прапорцыі на душу насельніцтва столькі ж людзей затрымалі ў Расіі, гэта склала б 480 000. Калі б ва Украіне ці Польшчы — 130 тысяч.

Вось яшчэ факты з хронікі праваабаронцаў.

Жыхару Глыбокага Аляксандру Шарабайку за сцяг над домам прысудзілі штраф у памеры 40 базавых велічыняў. Па словах Аляксандра, суддзя спытаў у яго, колькі часу ў яго вісеў сцяг. Ён адказаў, што ў сакавіку было б пяць гадоў. 

17 снежня ў Мінску супрацоўнікі САХР затрымалі Дзяніса Насовіча. Спачатку яго даставілі ў Следчы камітэт Савецкага раёна сталіцы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 346 Крымінальнага кодэкса («Здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі»), а пасля адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. 

Да бастуючых Салігорска і іх родных прыходзілі з вобшукамі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал стачкама ААТ «Беларуськалій». На падставе барацьбы з «экстрэмісцкімі заклікамі» ў рабочых канфіскоўваюць камп'ютары і ноўтбукі, тэлефоны, планшэты ды іншую электронную тэхніку, аглядаюць абстаноўку ў кватэрах і праводзяць аператыўныя відэаздымкі.

Сем жыхароў Мінскай вобласці падазраюцца ў абразе прадстаўніка ўлады, крымінальная справа распачатая паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Адзін з фігурантаў знаходзіцца ў Нямеччыне. Астатнія пражываюць на тэрыторыі Мінскай вобласці, іх дапыталі і яны даюць прызнальныя паказанні, кажуць у міліцыі.

«У верасні, пад выдуманымі нікнэймамі фігуранты размяшчалі абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка Жодзінскага ГАУС. У якасці пляцоўкі для выказвання сваіх думак выбралі сацыяльную сетку «Аднакласнікі» і тэлеграм-канал «Жодзіна для жыцця», - адзначаецца ў прэс-рэлізе УУС.

У Мінску 21-гадовая дзяўчына размясціла абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад апублікаванай там фатаграфіяй з асабістымі дадзенымі працаўніка аднаго са сталічных РУУС. Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Дзяўчына затрыманая і змешчаная ў ІЧУ.

Па інфармацыі «Белсата», у Паставах за БЧБ-сцяг на двары затрымалі фермера Паўла Марозава. Ягоная жонка Сняжана Марозава ў гэты час была ў Глыбокім. Дома заставаўся муж з дзецьмі 7 і 11 гадоў. Калі бацьку затрымлівалі і здымалі сцяг, адзінаццацігадовая дзяўчынка спрабавала зняць гэта на мабільны тэлефон. Але міліцыянты запужалі яе і не далі здымаць, хоць яна знаходзілася ў сваім двары. Паўла Марозава забралі ў пастарунак, пакінуўшы дзяцей, якія былі вельмі спужаныя, адных. Жонцы паведамілі, што да суда яго будуць утрымліваць пад арыштам з той прычыны, што ён ужо некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці па артыкулу 23.34 КоАП.

Ноччу ў Мінску пасля ператрусу быў затрыманы ў межах крымінальнай справы Сяргей Зялінскі. Яго даставілі ў Заводскае РУУС.

Крымінальную справу завялі супраць актывіста штаба Віктара Бабарыкі, валанцёра «Сумленных людзей» 38-гадовага Віктара Лосіка. Яго затрымалі на «Маршы волі» 6 снежня і асудзілі па арт. 23.34 КоАП на 8 сутак. Цяпер стала вядома, што на яго завялі дзве крымінальныя справы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 339 (хуліганства) і 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Што менавіта яму ставяць у віну — пакуль невядома.

Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымлівалі жанчыну за бчб-сцяг на лоджыі. Нягледзячы на тое, што ў жанчыны дома непаўналетняе дзіця, яе адправілі да суда па арт. 23.34 КоАП на Акрэсціна.

У Скідзелі быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік за пагрозы міліцыянтам у тэлеграм-чаце, паведаміў телеграм-канал прэс-службы МУС. Як сцвярджае прэс-служба, 38-гадовы скідзелец са жніўня да снежня размяшчаў у рэгіянальных тэлеграм-чатах заклікі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў. Супраць яго распачалі крымінальную справу. Ведамства размясціла пакаяннае відэа з жыхаром Скідзеля, які стаіць у памяшканні з дзяржаўным сцягам і плакатам ГУБАЗіКа і кажа, што затрыманы за ўдзел у тэлеграм-каналах.

У Мінску ў Фрунзенскім раёне за БЧБ-сцяг на акне быў затрыманы Андрэй Рачалоўскі. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна да суда.

У Маладзечне сёння быў затрыманы 19-гадовы Аляксей Крэнць. Супрацоўнікі міліцыі забралі з дому яго і камп'ютар. Пазней стала вядома, што хлопцу інкрымінуюць артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).

Каля свайго дома ў Полацку быў затрыманы старшыня КРК Свабоднага прафсаюза Беларускага Віктар Стукаў. Падставай стаў нібыта няправільны пераход вуліцы. Праз 3 гадзіны ў міліцыі сказалі, што яго не адпусцяць. Віктар з'яўляецца таксама старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў ААТ «Полацк-Шкловалакно» СПБ.

У Мінску 19 снежня за БЧБ-фіранкі на балконе затрымалі шматдзетную маці Кацярыну Бычко. У Партызанскім РУУС блізкім Кацярыны паведамілі, што яна затрыманая да суда, то-бок мінімум да панядзелка.

У судзе Светлагорскага раёна сёння быў агучаны прысуд па справе Сяргея Міраеўскага за допісы ў тэлеграм-канале «Светлагорск для жыцця». Яго вінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса - «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Суддзя Аляксандр Валодзькін прызнаў Сяргея Міраеўскага вінаватым і пакараў яго 2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэлефон Міраеўскага, згодна з пастановай суда, канфіскавалі як сродак здзяйснення злачынства.

Затрыманы адміністратар канала «Карнікі Маладзечна», — сцвярджае МУС. «Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выйшлі на 18-гадовага студэнта з Маладзечна, які кіраваў тэлеграм-каналам «Карнікі Маладзечна». Хлопец не толькі размяшчаў у чатах персанальныя звесткі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, але і агітаваў за ўдзел у масавых беспарадках на тэрыторыі Мінскай вобласці», — паведамляе прэс-служба ведамства.

Мужчыну, які хадзіў на акцыі пратэсту з расійскім сцягам у Мінску, асудзілі за супраціў міліцыі. Суд Першамайскага раёна Мінска 21 снежня асудзіў па ч. 1 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) 46-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Святаслава Зайцава. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён супраціўляўся пры затрыманні 17 верасня пасля Ланцуга салідарнасці ва Уруччы.

У той вечар Зайцаў хацеў далучыцца да акцыі з расійскім сцягам, але быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі АМАПа ў аліўкавай форме. З РУУС Першамайскага раёна з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў рэанімацыю, а потым у хірургічнае аддзяленне, куды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і заключылі яго пад варту, прыкаваўшы кайданкамі да бальнічнага ложку на 72 гадзіны.

Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПа, звесткі якіх у матэрыялах справы былі змененыя, а самі ў суд прыйшлі ў балаклавах і кепках, на судзе сказалі, што Зайцаў ужываў да іх гвалт, падчас следства яны гэтага не заяўлялі. Аднак першапачаткова дзеянні мужчыны былі кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 363 КК — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў з ужываннем гвалту.

Суддзя Святлана Чараповіч прызнала Святаслава Зайцава вінаватым паводле ч. 1 арт. 363 КК, выключыўшы з абвінавачвання «гвалт» у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, і пакарала мужчыну 2 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Чытайце таксама: Татальны кантроль за аўтазакамі: як адзін з мінскіх раёнаў патрулюе тэрыторыю падчас нядзельных маршаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0