Генпракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да былога пасла Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенкі, яму інкрымінаваны крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Уладзімір Астапенка (справа). Фота: МЗС Беларусі.
Дыпламата абвінавачваюць у прысваенні $2393, што нібыта прычыніла шкоду амбасадзе Беларусі ў Аргенціне.
Нагадаем, Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня, заявіўшы, што верыць «у лепшую будучыню для беларускага народа». 27 кастрычніка амбасадар адклікаў гэтую заяву і падаў новую, у якой запатрабаваў свайго звальнення са спасылкай на артыкул 41 Працоўнага кодэкса ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства. У ім ён таксама падкрэсліў, што цэлы шэраг дзеянняў наймальніка стварае аб'ектыўныя ўмовы для непрызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
3 лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу «у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе».





