Гомельскаму грамадскаму актывісту Уладзіміру Няпомняшчых выставілі абвінавачванне за публічную абразу пракурора (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). 68-гадовага актывіста абвінавачваюць у абразе памочніцы пракурора Гомеля Алесі Жураўскай у зале суда. Пасля абвяшчэння прысуду 26 лістапада Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы, дзе Жураўская падтрымлівала дзяржабвінавачванне, актывіст сказаў: «Арганізаваная злачынная група». Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнае і заяўляе, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду. Актывіст змешчаны ў СІЗА Гомеля. Пра гэта паведамляе «Гомельская вясна». 

23 снежня ў кватэры палітычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі на 72 гадзіны. Але тады было вядома, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Пагрозы ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні). 

«Я нікому не пагражаў. Калі Васіленку судзілі за замену дзяржаўнага сцяга на плошчы, пасля прысуду я сказаў, што адказнасць за гэта будуць несці ўсе», — каментаваў да арышту свае словы 68-гадовы гамяльчук.

Арышт і змяшчэнне да суда ў СІЗА 68-гадовага мужчыны праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка называе «помстай» з боку пракуратуры, якая з'яўляецца неадэкватнай і суровай у адносінах да зробленага.

«Крымінальны кодэкс прадстаўнікоў улады вылучае ў асобную катэгорыю людзей. У выпадку абразы звычайнага чалавека ён павінен звярнуцца ў суд і абараняць сябе ў рамках грамадзянскага судаводства. Парог крытыкі чыноўнікаў вышэйшы — крымінальная адказнасць. Усе павінны быць роўныя перад законам, у незалежнасці ад займаных пасад», — пракаментаваў справу актывіста Судаленка.

Санкцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0