Патрыярх Маскоўскі Кірыл (справа) і Патрыяршы Экзарх Беларусі Веніямін. Фота Vitprav.by

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у калядным інтэрв'ю тэлеканалу «Расія-1» заклікаў беларускі народ вырашаць пытанні мірна, а ўлады — не адкладаць у доўгую скрыню тое, што выклікае нязгоду ў грамадстве, перадае Інтэрфакс.

— Мы сведкі таго, што адбылося ва Украіне, — цяпер слова «майдан» стала назоўным. Цалкам відавочна, што вопыт Украіны павінен навучыць усіх нас, што пераўтварэнні ў грамадстве павінны праходзіць такім чынам, каб яны не суправаджаліся нарастаннем унутранай напружанасці і асабліва радыкалізацыяй адносін паміж людзьмі, — сказаў патрыярх.

Ён заклікаў задумацца над тым, колькі рэвалюцый ужо было, рознага роду пераваротаў, але ніхто, нідзе і ніколі не дасягаў міру, спакою і дабрабыту пры дапамозе гвалту. «Заўсёды пасля рэвалюцыі павінен быць доўгі перыяд аднаўлення. Таму трэба імкнуцца да лепшага, не руйнуючы таго, што ёсць, а развіваючы ў лепшы бок, мадэрнізуючы ў добрым сэнсе гэтага слова, паляпшаючы і грамадскія адносіны, і наогул жыццё краіны», — лічыць патрыярх Кірыл.

«Таму наш заклік да Беларусі ( … ) усе пытанні трэба вырашаць мірна. Але калі пытанні існуюць, іх трэба вырашаць, і гэта ўжо зварот і да беларускіх уладаў. Нельга адкладаць у доўгую скрыню тое, што выклікае нязгоду і напружанне ў грамадстве.

Патрэбныя інструменты разумнага, дзелавога абмеркавання праблем з выхадам на канкрэтныя рашэнні», — сказаў зверхнік Рускай праваслаўнай царквы.

Напрыканцы ён пажадаў, каб спыніліся спробы сілавымі спосабамі вырашаць гэтыя пытанні ў Беларусі і стаў бы развівацца дыялог паміж уладай і народам, уладай і грамадствам,

з удзелам усіх сіл, уключаючы прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў, накіраваны на стабілізацыю становішча і на ўсебаковае развіццё «братняй Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0