MonkeyFood: Немагчыма працаваць у краіне, дзе ты абавязаны маўчаць

Веган-кавярня MonkeyFood праіснавала ў Мінску пяць год. Стваральнікі заваёўвалі фуд-рынак, выязджаючы са сваімі стравамі на розныя фэсты. Пасля з’явіліся дастаўка і першая кропка на вуліцы Багдановіча. А неўзабаве і яшчэ адно месца на Кастрычніцкай. У праекта не было багатых інвестараў, затое ад пачатку мелася добрая каманда. Раслі выключна сваімі сіламі: усё заробленае адразу ўкладвалі ў развіццё.

Каманда MonkeyFood

Каманда MonkeyFood

За гэтыя гады чаго толькі не перажыла каманда «Манкі-фуд». Нават каранавірус, падчас якога атрымалася захаваць заробкі супрацоўнікаў, і жнівеньскія хваляванні, калі было страшна за кур’ераў, што развозілі замовы праз навалы аўтазакаў. Але ўсяго адзін непрацоўны дзень 26 кастрычніка паставіў крыж на далейшай дзейнасці.

«26 кастрычніка, у дзень анансаванай нацыянальнай забастоўкі, мы проста зрабілі ў сацыяльных сетках салідарны пост і прадавалі гарачыя напоі па салідарных коштах: можна было плаціць колькі хочаш і можаш. І за пяць наступных дзён, памятаю, да нас прыйшло адразу сем праверак. Некаторыя «госці» адкрытым тэкстам казалі, што яны тут менавіта ў якасці помсты за 26-га. У выніку штрафаў і дзяржаўных пошлін за суды набегла каля 12,5 тысячы рублёў. І гэта я не лічу тыя страты, якія мы панеслі праз сапсаваныя прадукты, калі мы зачыняліся на некалькі дзён», — расказвае Аляксандр Валодзін, заснавальнік MonkeyFood.

Каманда магла б сабраць гэтыя грошы, але, на іх думку, праверкі на гэтым не скончыліся б.

«Салідарныя беларусы адразу пачалі дапамагаць нам фінансава. Гэтыя грошы мы змаглі перанакіраваць на заробкі супрацоўнікам. Але адкрывацца, каб атрымліваць штрафы зноў і зноў і аддаваць заробленыя намі ці іншымі людзьмі грошы дзяржаве, я не бачу сэнсу. Як і адкрывацца пад нейкім іншым брэндам: мы хацелі і хочам развіваць толькі MonkeyFood, у гэты брэнд укладзена шмат высілкаў».

MonkeyFood былі ў Беларусі аднымі з першых, хто мэтанакіравана развіваў культуру веганскага харчавання. Цяпер каманда знаходзіцца ў стане ліквідацыі юрыдычнай асобы і распрадае сваё абсталяванне ў Беларусі.

Са сваім бізнэсам Аляксандр вымушаны стартаваць у іншай краіне.

«Дзе канкрэтна мы адчынім новую кропку MonkeyFood, пакуль сакрэт. Але магу сказаць, што мы будзем старацца перавезці туды сваіх супрацоўнікаў. З ліку тых, хто захоча пайсці на такі крок, бо людзі для нас самае важнае», — распавядае Аляксандр.

Ëн упэўнены, што вернецца з гэтым жа праектам у Беларусь, як толькі сітуацыя тут зменіцца ў лепшы бок:

«Пакуль гэта ўсё нагадвае нацысцкую Германію ў часы, калі на крамах малявалі жоўтыя зоркі. Толькі ў нас гэта алагічны чорны спіс на ліквідаванне. Немагчыма працаваць у краіне, дзе ты абавязаны маўчаць, каб працаваць. Мы дакладна не шкадуем аб нашым кроку, і, калі ўсё адкруціць назад, зрабілі б усё тое самае».

Гарадзенскі бар «Несцерка»: Нам зноў казалі: «Вы ж самі ўсё разумееце»

Гісторыя бара «Несцерка» з Гародні — гэта гісторыя пра тое, як 10 сяброў адкрылі месца сваёй мары і не перасварыліся. Расказвае адзін з сяброў гэтага калектыву, дырэктар і сузаснавальнік бара, Зміцер Галась:

«У тэатральны бар «Несцерка» мы хадзілі яшчэ ў 2007-м, з ім звязана шмат успамінаў. А пасля нам з сябрамі пашанцавала выкупіць гэтае месца і зрабіць канцэпт, пра які мы марылі. Хаця пачыналася ўсё з пустых сцен, якія мы проста пафарбавалі ды павесілі туды карціны — выглядала, нібыта сталоўка. Толькі што падавалі там веганскія бургеры і піва».

  У бары «Несцерка»

У бары «Несцерка»

З моманту адкрыцця ў 2016 годзе ў «Несцерцы» прайшла вялікая колькасць вечарын, кінапаказаў, выстаў, лекцый. Многія замежныя музыкі, дыджэі прыязджалі з выступам у Гародню толькі таму, што маглі адыграць сэт менавіта ў гэтым культавым месцы. Любілі яго і турысты. Цяпер гэтага месца больш не існуе.

«Пачалося ўсё пасля 26 кастрычніка, калі мы падтрымалі ўсеагульную забастоўку. Пры тым што раней, у жніўні, маглі закрываць бар на пару гадзін, каб наведаць мірныя дэманстрацыі. Літаральна праз пару дзён да нас пайшлі праверкі: і санстанцыя, і пажарная інспекцыя, аддзел гандлю. Цягам двух тыдняў правяраючыя органы завітвалі проста штодзень, мы выпраўлялі адзначаныя парушэнні, але на гэта, здаецца, нават не звярталі ўвагі», — згадвае Зміцер. 

Абгрунтаванне пазапланавых праверак і знаходак нечаканых «парушэнняў» былі ў лепшай беларускай традыцыі: «Вы ж самі ўсё разумееце».

«З улікам абскарджвання часткі штрафаў, нам трэба было выплаціць дзяржаве 6210 рублёў. І гэтую суму мы маглі б пагасіць, калі б кіраўніцтва абласнога драмтэатра, на тэрыторыі якога мы арэндавалі памяшканне, не выкінула нас на вуліцу: дамова на арэнду, якая дзейнічала да 2022 года, была датэрмінова скасаваная».

Уся каманда з сямі чалавек засталася без працы. Многія і па сёння ў пошуках. Пры гэтым падобны лёс напаткаў і іншыя ўстановы ў Гародні: напрыклад, зачыніліся бары «Карыца» і «Ложак». 

Зміцер адзначае: як толькі бар напаткалі праблемы, іх адразу захліснула хваля салідарнасці:

«Несцерка — веганскі бар, дзе далёка не ўсе катэгорыі людзей адчувалі сябе камфортна. Але як толькі ў нас пачаліся праверкі і нас зачынялі спачатку на пару дзён, да нас адразу пайшлі прапановы з дапамогай ад самых розных людзей. Нават мясцовыя бабулі завітвалі і прапаноўвалі дапамагчы грашыма. І гэта вельмі цешыць: хай мы згубілі месца, але гэта толькі памяшканне. Знойдзем новае. Прыдбалі мы куды больш: цудоўных людзей навокал і салідарнасць». 

Суразмоўца кажа, што яны не губляюць надзеі некалі зноў адчыніць дзверы свайго бара. Праўда, калі гэта здзейсніцца, пакуль невядома.

«Цяпер не самы лепшы час для адкрыцця новых месцаў нават з пункту гледжання пандэміі, не тое што палітычнай павесткі. Але мы вельмі хочам адкрыцца наноў, досведу хапае, жадання — таксама. Тым больш, у горадзе, шчыра кажучы, амаль не застаецца месцаў, дзе можна паесці веганам. Пераязджаць некуды асабіста я дакладна не планую: тут мой дом».

O'Petit: Спадзяёмся зноў запрацаваць вясной на тым самым месцы

Кавярні O'Petit дасталося яшчэ ў верасні, калі пасля чарговага нядзельнага маршу тут разбілі шкляныя дзверы. Зрабіў гэта ўласнаручна тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў, які з падначаленымі спрабаваў патрапіць унутр, каб затрымаць мірных пратэстоўцаў, што схаваліся ў кафэ.

Фота Onliner.by  

Фота Onliner.by

Пасля пагрому, каб падтрымаць уладальнікаў кавярні, беларусы станавіліся ў велізарныя чэргі і скуплялі там каву і дэсерты.

Калектыў O'Petit таксама ўзяў выходны 26 кастрычніка, а ў снежні заявіў пра апошні працоўны дзень: «Мы закрываемся на нявызначаны тэрмін». 

У каментары «НН» уладальнік Уладзімір сцісла распавёў, што яны будуць прыкладаць усе намаганні, каб усё ж адчыніць свае дзверы вясной:

«Акрамя таго, што нам навыпісвалі штрафаў на 390 базавых, мы ўсё адно абмяркоўвалі закрыццё, яшчэ раней, бо кліентаў праз каранавірус стала менш. Спадзяёмся толькі самі на сябе. Калі пацягнем далей фінансава, то вясной запрацуем».

Рэстаратар Уладзь Луневіч: Будзе адкрыццё ўстановы ў Кіеве

Праекты рэстаратара Уладзіслава Луневіча ENZO, Simple, Let It Be, Underdog, Pizza place, «Лаўка» і «Дэпо» таксама зачыняліся пасля праверак, што пасыпаліся пасля таго самага забастовачнага дня.

Уладзіслаў Луневіч

Уладзіслаў Луневіч

Пазней стала вядома, што Уладзь перадаў кіраванне імі «ў выдатныя прафесійныя рукі людзей, якім давярае».

«Я ўсё гэтак жа люблю Мінск, Кастрычніцкую, усе кафэ і рэстаран, хоць ужo і не маю да іх дачынення», — тады коратка паведаміў ён у сацыяльных сетках.

Цяпер Уладзь знаходзіцца ва Украіне і ў каментары «НН» распавёў, што працуе над тым, каб адкрыць новае месца ў Кіеве.

«Тут іншы рынак, іншыя людзі, іншыя патрэбы. Я разбіраюся, вывучаю таксама іншыя гарады Украіны». 

— Вяртацца ў Беларусь плануеце?

— Абавязкова хутка вярнуся, гэта ж мой дом, які я вельмі люблю! Але пакуль тут трэба ставіць бізнэс.

Свой часовы ад’езд Уладзь патлумачыў «цяжкім нервовым станам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?