Пра суседак, якія пабіліся з-за шапкі

Мне спачатку было страшна. Калі прывялі першую дзяўчыну, з цалкам разбітым тварам — там проста было месіва. Нас калі заводзілі ў камеру, я паглядзела на наглядальніка і сказала «дзякуй» такім яхідным голасам. Я не ведала, што гэта толькі пачатак. Такое суседства мяне не радавала, я скажу шчыра. 

А потым калі адчыніліся дзверы і да нас запіхалі, як мех са смеццем, жанчыну, якая не магла стаяць на нагах… Там панцыр на галаве з валасоў, на ёй вялізная колькасць адзення. Яе проста запіхалі і кажуць: «Вось вам падарунак». Я зразумела, што гэта дакладна не выпадковасць, праца праведзена.

Гэтыя дзве жанчыны адразу ж пачалі між сабой бойку. Бо адна з іх згубіла шапку, а другая знайшла і адразу сабе на галаву надзела. Яны нападалі адна на адну. І адна з дзяўчат аддала ім сваю шапку, каб супакоіць.

Адна жанчына пастаянна націскала на кнопку. Прыходзілі назіральнікі, яе за гэта лаялі. Аднойчы яе вывелі, патлумачылі, што завядуць зараз у карцар, і па нырках надавалі, не ведаю чым — рукамі, дубінкай. Я чула — глухія ўдары і голас, які ўздрыгвае.

Пра жудасныя ўмовы ў камеры

Я проста не разумею гэтай тактыкі. Мне здаецца, калі іх мэтай з’яўляецца пераканаць людзей у іншым пункце гледжання, то яны павінны паказваць прыклад больш стваральны. Умоўна кажучы, калі б мы туды трапілі і ўбачылі, што працуе кран, у акне няма шчыліны скразной, умовы адпавядаюць уставу гэтай установы — ніхто ж не просіць эксклюзіву. А калі ты бачыш, што ў рэальнасці ўсё яшчэ горш, чым ты мог сабе ўявіць, то гэта толькі ўмацоўвае цябе ў думцы, што так не павінна быць, ты не можаш з гэтым пагадзіцца.

Пра былыя непаразуменні з бацькамі наконт палітыкі

Галоўная супярэчнасць з мамай і татам складалася ў тым, што яны не разумелі гэтай формы пратэсту. На БТ ж паказваюць пратэстоўцаў як дурачкоў, якія бадзяюцца проста па вуліцах, кідаюць камяні, як правіла, у неадэкватным стане. І тата кажа: ну што вы ходзіце? Я кажу: тата, добра, я бяру асадку, канспект, і запісваю план пратэсту, на твой погляд, які пасуе да нашых рэалій. Бо мы не ведаем, як інакш. Гэта вымушаная форма пратэсту, якая нам таксама не падабаецца.

У чым быў аргумент таты? Натоўп вялізны, ты ідзеш культурна і нічога не робіш, а, можа быць, у іншым канцы ёсць людзі, якія кідаюць камяні, правакуюць сілавікоў, каб яны прымянілі сілу. І толькі пасля таго, як гэта здарылася са мной, ён упэўніўся ў тым, што наўрад ці я была ў ліку гэтых людзей. І гэта змяніла яго пункт гледжання.

Першы час у жніўні было цяжкавата. У нас былі сваркі, гэта ўсё заканчвалася тым, што мы хлопалі дзвярыма, выходзілі на вуліцу падыхаць паветрам. Ты разумееш, што такі час, такое, напэўна, не толькі ў мяне ў сям’і — любая тэма, на якую б ты ні пачаў размаўляць, закальцоўваецца на абстаноўцы ў краіне.

Пра сустрэчу з тэлепрапагандыстамі

Я сустрэла Азаронка і Пуставога на адным з мітынгаў, я да іх падыходзіла. Спытала: як вы наогул, рабяты, сябе адчуваеце? Пуставы са мной размаўляў, Азаронак не сказаў ні слова. «Нармальна, нам нават грошай за гэта не плацяць». У сэнсе не плацяць грошай, вы што, заробак не атрымліваеце? «Ніякіх дадатковых грошай не атрымліваем. Вы думаеце, мы грошы грабём лапатай?»

Не, пытанне толькі ў сумленні, як вы з ім дамаўляецеся і ці верыце вы ў тое, што паказваеце. «Так, канечне, мы паказваем толькі тое, што бачым сваімі вачыма». Кажу: усё, не хачу працягваць гэты дыялог і сышла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0