— Мы не ведаем, што менавіта адбылося і што паслужыла прычынай такога ўчынку, але ў апошніх лістах ён скардзіўся на псіхалагічны ціск, пісаў, што яго выклікала начальства і праводзіла гутарку, каб ён прызнаў віну, а мы — перасталі пісаць лісты ў розныя інстанцыі. За паўгода, што Андрэй знаходзіўся ў ВК-1 у Наваполацку, у нас было два спатканні, таксама мы перапісваліся з ім, а 8 студзеня перапіска перапынілася. Я тэлефанаваў у калонію, мне сказалі, што сын у карцары, але ён фізічна здаровы. А сёння патэлефанаваў турэмны псіхолаг (або псіхіятр) і сказаў, што сын здзейсніў суіцыд. І больш у нас няма ніякай інфармацыі. Мы спрабуем датэлефанавацца да калоніі, аднак у бухгалтэрыі ніхто нічога не ведае — і гэта зразумела, а па астатніх нумарах проста ніхто не падымае слухаўку, — распавядае бацька маладога чалавека Ігар.

На цяперашні момант сям'я спрабуе даведацца пра ўсе абставіны здарэння.

Андрэй Дубік быў затрыманы 28 ліпеня 2017 года і праходзіў абвінавачаным па так званай «справе 37-мі» — аднаму з самых масавых працэсаў за апошні час. Следства па справе цягнулася амаль тры гады. Абвінавачаныя былі падзеленыя на групы па розных эпізодах. Але ўсе 37 чалавек абвінавачваліся ў незаконным абароце наркатычных сродкаў, а таксама ў стварэнні і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.

Андрэй быў затрыманы разам з сябрам. Пры ім было знойдзена 0,044 грама марыхуаны.

Таксама ў яго тэлефоне былі каардынаты закладкі.

Андрэй Дубік быў прызнаны вінаватым па частцы 4 артыкула 328 КК — «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў» (дзеянні, учыненыя арганізаванай групай) і па частцы 2 артыкула 285 КК — «Удзел у злачыннай арганізацыі».

Сваю віну Андрэй не прызнаваў, была пададзеная апеляцыя на рашэнне Мінскага гарадскога суда, аднак прысуд пакінуты ў сіле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?