21-гадовы Максім у верасні звольніўся з АМАП і ў момант трагедыі быў беспрацоўным. Жонка загінулага распавяла s13.ru, што да канца не можа паверыць у версію суіцыду.
У дзень трагедыі яна размаўляла з мужам за дзве гадзіны да смерці — ні ў размове, ні ў голасе нічога дзіўнага яна не заўважыла.
— Ён быў дома, збіраўся паехаць у гэты дзень да бацькоў у іншы горад, папрасіў забраніраваць яму білет, што я і зрабіла. Перад гэтым ён збіраўся з братам у аквапарк. Але ўвечары перастаў адказваць на ўсе тэлефанаванні — мае, брата, сяброў.
Я прыехала дадому — і ўбачыла ўсё… Мяне збянтэжылі і ключы, якія былі кінутыя на падлозе, і разбітая свяцільня… Пры гэтым у Максіма не было ніякіх драпін або парэзаў…
Удава распавядае, што з міліцыі Максім звольніўся яшчэ ў верасні па стане здароўя. Да гэтага ён знаходзіўся на бальнічным, і ў жніўні не прымаў удзелу ў падзеях, якія развіваліся на вуліцах горада.
— Ён наогул стараўся заўсёды прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі, не прымаў нічый бок. Але казаў, што пайсці супраць людзей ён не зможа.
У гродзенскай міліцыі s13.ru пацвердзілі, што загінулы працаваў у АМАП да верасня.
— Супрацоўнік міліцыі меў апалітычныя погляды, і яго звальненне ніяк не звязана з падзеямі ў краіне. Ён даўно збіраўся звальняцца, — распавялі ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
У загінулага засталася аднагадовая дачка.





