«Вестник Нафтана»

«Вестник Нафтана»

2 лютага суд Наваполацка абвясціў рашэнне наконт пазову навапалачанкі Вольгі Брыцікавай да «Нафтана». Былая начальніца аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў аспрэчвала сваё звальненне, але суд адмовіў ёй у аднаўленні на працы і не адмяніў вынесенай ёй вымовы.

Нагадаем, 3 снежня мінулага года Брыцікаву звольнілі з пасады начальніцы аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў. Перад гэтым яе пазбавілі доступу да дзяржаўнай таямніцы.

А ў верасні Вольга распавядала, што ўпершыню за 16 гадоў працы атрымала дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы і пазбаўлення прэміі за прагул 20 жніўня, калі яна разам з калегам падлічвала подпісы работнікаў за страйк.

Вольга Брыцікава аспрэчвала звальненне з «Нафтана» ў судзе, бо мяркуе, што яно звязанае з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй пасля прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта яна 17 жніўня на сустрэчы работнікаў «Нафтана» з тагачасным кіраўніком Камітэта дзяржкантролю Іванам Церцелем агучыла патрабаванні завадчан да рэспубліканскіх і мясцовых уладаў, а таксама кіраўніцтва прадпрыемства.

Нядаўна Вольга Брыцікава ўзначаліла арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюза на «Нафтане».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0