Паводле суда, Губіч дзейнічаў «з помсты за выкананне службовых абавязкаў». Аляксей Губіч знаходзіцца ў СІЗА з 20 кастрычніка.

«У калоніі ён проста аслепне»

Маці Аляксея Губіча паведаміла, што ён мае рэдкае захворванне вачэй — кератаконус. Калі не зрабіць у час аперацыю, хвароба прывядзе да слепаты. Аперацыю планавалі зрабіць мінулай восенню. «Але цяпер ён у турме. І без лячэння проста аслепне», — зазначыла яна.

Яна расказала, што Аляксей мае вышэйшую адукацыю, быў інжынерам, займаўся музыкай. Да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

«Мы даказалі, што супрацоўнік міліцыі ўпаў сам»

Паводле першапачатковай версіі следства, Аляксей Губіч на акцыі пратэсту 20 верасня штурхнуў міліцыянта ў сіняй камізэльцы і з гукаўзмацняльнікам.

«На мірным маршы была штурханіна, — расказала маці. — Яго спачатку затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкула, потым пачалі крымінальную справу. Магчыма, Аляксея затрымалі таму, што ён быў са сцягам на акцыі — палічылі актывістам.

Спачатку яго абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам РАУС. Падчас акцыі той упаў, і вінаватым вырашылі зрабіць сына. Мы пыталіся ў следчага: «Вы ж разумееце, што наш сын не рабіў гэтага?» Ён сказаў: «Я вас разумею, але я чалавек паднявольны, у мяне ёсць два сведкі, гэтага дастаткова».

Мы кінулі кліч у сацыяльных сетках, каб людзі прыслалі нам здымкі з маршу. І дзякуючы неабыякавым людзям мы даказалі, што супрацоўнік міліцыі ўпаў сам, наш сын яго не чапаў. З яго знялі гэтае абвінавачанне», — патлумачыла маці.

Новы пацярпелы з'явіўся праз два месяцы

Праз два месяцы пасля згаданых падзей з'явіўся новы пацярпелы — супрацоўнік АМАПа.

«Нібыта Аляксей яго ўдарыў! У якасці доказу было відэа, на якім відаць, што нага Аляксея паднятая ў паветра. Гэта ўсё. Больш ніякіх доказаў няма, апроч паказанняў амапаўца, які ў судзе выступаў пад прозвішчам Іваноў і быў у балаклаве», — дадала маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0