Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Аб папярэднім пасяджэнні па справе стала вядома напярэдадні. Прэс-служба Вярхоўнага суда адмовілася дапусціць на працэс журналістаў найбуйнейшых незалежных медыя Tut.by, «Наша Ніва», Onliner, БелаПАН, «Комсомольская правда в Беларуси» і інш. Афіцыйная прычына — прафілактыка каранавіруса, аднак на працэсе па «справе Уцюрына», які таксама Вярхоўны суд разглядаў у будынку суда Маскоўскага раёна, такіх выключэнняў не было, хоць ужо тады была пандэмія.

Па «справе Белгазпрамбанка» праходзіць восем фігурантаў: Віктар Бабарыка («адмыванне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам; атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзмітрый Кузьміч, Аляксандр Ільясюк, Сяргей Дабралёт (усе — атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), Віктар Кабяк (дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры).

З шасцю абвінавачанымі заключаны дасудовыя пагадненні (з Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабанам, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве), Віктар Бабарыка ў іх лік не ўваходзіць, таму на папярэднім судовым пасяджэнні яго сёння няма. Абвінавачаныя, якія заключылі пагадненне, заявілі ў судзе, што пайшлі на гэта добраахвотна і выканалі ўсе ўмовы.

Абарону абвінавачаных ажыццяўляюць больш за дзесяць адвакатаў, сярод іх сёння на працэсе былі заўважаныя Ганна Келер, Максім Агееў, Аляксандр Паўлавец, Сяргей Буякевіч.

На папярэдняе пасяджэнне прыйшлі родныя і калегі абвінавачаных, частку слухачоў, нягледзячы на свабодныя месцы ў зале, на пасяджэнне не пусцілі.

У першым шэрагу на працэсе заўважаны Юрый Васкрасенскі, які два месяцы правёў у ізалятары па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. На дзяржаўных тэлеканалах яго называлі ідэйным натхняльнікам пратэстаў, у тых інтэрв'ю ён распавядаў, як людзі Бабарыкі і Ціханоўскай хацелі захапіць уладу.

У выніку стала вядома, што асноўнае судовае пасяджэнне па «справе Белгазпрамбанка» прызначанае на 17 лютага, 11.00. Працэс будзе адкрыты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?