Гэта петыцыя стала самай папулярнай за ўсю гісторыю сайта. Дагэтуль больш за ўсё подпісаў збіраў ліст з патрабаваннем выпусціць Віктара Бабарыку (больш за 17 тысяч).

Платформа спачатку не спраўлялася з наплывам ахвотных. Магутнасць сервера давялося павялічыць у 16 разоў.

«Калі з тэлеграм-каналаў адначасова прыходзіць шмат людзей, часам сервер падае. Я меркаваў, што будзе вялікая колькасць наведванняў, таму павялічыў магутнасць серверу спачатку з 4 да 16 працэсараў, а пасля да 32. На такіх серверах звычайна працуюць нацыянальныя навінавыя парталы. І нават ён на хвіліну ўпаў. Я мусіў падняць сервер да 64 працэсараў — толькі тады ён стаў вытрымліваць», — расказаў заснавальнік petitions.by Уладзімір Кавалкін.

У пікавы час на петыцыю адначасова заходзіла больш за 4500 чалавек.

Як верыфікуюцца подпісы? Платформа пасля аўтаматычна праганяе іх па спецыяльных алгарытмах, каб выдаліць несапраўдныя — тыя, у якіх пазначаны неіснуючы адрас ці імя. У распрацоўшчыкаў ёсць вялізная база імён і беларускіх адрасоў. Калі, напрыклад, у графах будзе стаяць выдуманае слова, такі подпіс адсеецца. Правяраць яго пасля будуць уручную. З верыфікацыяй замежных адрасоў таксама будзе цяжэй.

«Мы б хацелі справіцца за ўікенд і да панядзелка паспрабаваць усё верыфікаваць», — адзначыў Уладзімір Кавалкін.

Па законе ўлічваюцца галасы грамадзян і рэзідэнтаў Беларусі. Статыстыка наведванняў паказвае, што 92% заходаў на петыцыю — з Беларусі. Астатнія — з Расіі, Польшчы, Ірландыі, Злучаных Штатаў.

Тэкст звароту і сабраныя подпісы падаюцца ў органы ў электронным выглядзе. Гэтая петыцыя будзе накіравана ў Міністэрства культуры, Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?