Лідары праўладных камуністаў і ЛДПБ будуць удзельнічаць у сходзе не ў якасці гасцей, а як дэлегаты. Гэта дзве партыі, якія маюць найбольшыя прэферэнцыі з боку дзяржавы. Той жа лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч на апошніх выбарах быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.
Хутчэй за ўсё, у якасці дэлегата будзе прадстаўлены лідар Партыі працы і справядлівасці (ППС) Аляксандр Сцяпанаў. Не так даўно ў партыі адбылася скандальная змена кіраўніцтва.
Пасаду пакінуў Васіль Задняпраны, які ўзначальваў арганізацыю на працягу многіх гадоў. Здаецца, улады вырашылі выкінуць з ППС прадстаўнікоў «рускага свету», замяніўшы на чыноўнікаў.
Таксама няма ў спісе гасцей прадстаўніка Аграрнай партыі. Гэта адно з маргінальных утварэнняў, пра існаванне якога ўспамінаюць толькі падчас электаральных кампаній, каб іх прадстаўнікі ўвайшлі ў выбарчыя камісіі. Ні ў якім палітычным жыцці аграрыі, вядома, не ўдзельнічаюць. Партыю ўзначальвае «сенатар», былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Магчыма, ён таксама будзе дэлегатам сходу.
А вось каго дакладна не будзе, дык гэта кіраўнікоў АГП Мікалая Казлова, КХП-БНФ Зянона Пазняка і «Зялёных» Дзмітрыя Кучука. Чамусьці яны запрашэнне не атрымалі ўвогуле.
З апазіцыйных лідараў паклікалі Ігара Барысава (БСДП) і Рыгора Кастусёва (Партыя БНФ). Запрошаны таксама Сяргей Калякін («Справядлівы свет»).





