Першы такі форум адбываўся шэсць гадоў таму. Старшыня БСДП Ігар Барысаў кажа, што адной з мэтаў гэтага мерапрыемства — паказаць, што дзяржаўнаму «леваму папулізму» існуе «левая дэмакратычная альтэрнатыва». Апошнім часам шмат увагі надаецца палітычным пытанням, а вось сацыяльныя дастаткова часта забываюцца. Таму яшчэ адна задача — прыцягнуць увагу да сацыяльных праблем у грамадстве.
Ігар Барысаў. Фота left.by.
У форуме возьме ўдзел каля 200 дэлегатаў. Будуць праведзена тры панельныя паседжанні: па палітычных пытаннях, сацыяльна-эканамічных і экалагічных.
Напрыканцы форума будуць прынятыя два маніфесты — палітычны і сацыяльны. Праўладныя тэлеграм-каналы кажуць, што маніфесты ўжо даўно напісаныя. Барысаў гаворыць, што рыхтаваць папярэдні праект — гэта нармальная практыка, але ўдзельнікі форума могуць унесці свае праўкі ў дакументы, калі яны будуць падтрыманыя астатнімі ўдзельнікамі.
Адметна, што Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якую ўзначальвае Сяргей Чэрачань у працы форуму ўдзел браць не будзе. Чаму?
«У нас гістарычна склалася супрацоўніцтва са «Справядлівым светам», а таксама Беларускай партыяй «Зялёныя». Што тычыцца БСДГ, то раней на адным са сваіх з'ездаў яны спрабавалі змяніць назву партыі, выкінуўшы з яе спалучэнне слоў «сацыял-дэмакратычная», аднак вырашылі пакінуць, бо ёсць ў Партугаліі прыклад, калі партыя называецца сацыял-дэмакратычнай, аднак яна правая па праграме і ідэалогіі.
БСДГ у нашым паразуменні належыць, па сваёй сутнасці і праграме, хутчэй да правага цэнтру, чым да левага», — тлумачыць Барысаў.
Доўгі час правядзенне форуму трымалася калі не ў сакрэце, то асабліва не афішавалася. Ігар Барысаў кажа, што фактычна гэта першае буйное палітычнае мерапрыемства пасля выбараў, таму не хацелася прыцягваць асаблівай увагі, тым больш што памяшканне для форуму вельмі доўга ўзгаднялася.





