Я ўжо хацеў улегчыся ў стакане Бараўлянскага РАУС спаць, як у камеру закінулі папаўненьне — дзецюка майго веку, трохі пад градусам. Я падумаў: «Супер, вось ён электарат самаабвешчанага! Вось цяпер я зразумею, што яны ад нас хочуць?!»
— Сямейны скандал?
— Так.
«Клас!» — падумаў я зноў, аж сон адбіла!
— Жонка здала?
— Не, маці.
— Буяніў?
— Ды не, бутэлькі размалёўваў.
— Якія бутэлькі?
— Шампанскага.
— І навошта яны табе?
— Кліент папрасіў.
— І шо ты там маляваў?
— Сьцяг бел-чырвона-белы.
— Сьцяг?! — прыўстаў я.
— Сьцяг! — горда адказаў той. — І гэта, — паказаў рукамі сардэчка, кулак і вікторыю. — А маці ў мяне «ябацька», дык пачалі мы зноў сварыцца, і яна міліцыю выклікала.
«Во це і трохпрацэнтны», — з расчараваньнем падумаў я і паставіў сабе задачу працягнуць пошукі, а сукамернік гэтым часам зацягнуў: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую Браму сьвятую і ваякаў на грозных канях!..»
У 4-мясцовую камеру ІЧУ Менскага раёна мяне закінулі ўжо за поўнач. У ёй было два арыштанты: у аднаго 18 турэмных гадоў за плячыма, у другога — пару, абодва — падазраваныя па крыміналках.
— За што? — не вылазячы з-пад коўдры запытаў самы сядзелец.
— За Курапаты.
— Стаіце там яшчэ?
— Стаім.
— І што там?
— У кабак жраць езьдзяць.
— Як там жраць можна, там жа людзей забівалі? — зьдзівіўся зэк і, падняўшыся, прысеў на нару.
Зьдзівіўся і я: чалавек, які палову сьвядомага жыцьця катаўся па зонах, лепш бачыць за тых, хто яго ў гэтыя зоны садзіў.
Мы пра тое-сёе пагаманілі, зэкі разоў пяць закурылі маленькую камеру і перад сном самы сядзелец узьняў кулак і гукнуў сукамерніку:
— Жыве Беларусь!
— Жыве! — адказаў той і абодва заваліліся спаць.
«Афігець!..» — падумаў я і палез на нару.
Пасьля адбою ў 8-мясцовую камеру да змагароў зайшоў дзяцюк гадоў 35-ці і на роспыты адказаў, што пасадзілі яго быццам бы за п'янае брыдкаслоўе на вуліцы. Адарваўшыся ад кнігі, я глянуў на хлапака і зьдзівіўся: надта ўжо прыстойна і акуратна ён выглядаў, каб апынуцца п'яным дзебашырам.
Высьветлілася, што хлопец працуе ветэрынарам, а ў суседнім калгасе скралі нейкае дарагое ветэрынарнае абсталяваньне. А як нехта паказаў на яго, то кіраўнік крымінальнага вышуку Бараўлянскага РАУС ветэрынара пад ноч проста з хаты і прыхапіў. Але прад'явіць чалавеку не было што, і ён пачаў абурацца, чым раззлаваў міліцэйскага начальніка, і той, дадзенай самазванцам уладай, абвесьціў: «Як ты такі борзы, то пасядзіш трохі! Выбірай за што сядзець будзеш: за сьцяг ці за мацяршчыну?»
— Які такі сьцяг? — зьдзівіўся небарака.
— Не кажы толькі, што на мітынгі не хадзіў?
— Ну хадзіў, мама прасіла схадзіць зь ёй, дык мы разам і былі.
— Ну дык вось і сядзеш! Мы ўсіх пасадзім! Кожную камеру прагледзім! Кожную морду ўстановім!





