Перадачы на Акрэсціна цяпер забароненыя. Кажуць, што праз каранавірус. Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Перадачы на Акрэсціна цяпер забароненыя. Кажуць, што праз каранавірус. Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Віталь Таргонскі адбываў 25 сутак арышту. Амаль увесь час — на Акрэсціна. Напачатку было цярпіма, але пасля 23 студзеня ўмовы змяніліся. Нагадаем, у тую суботу ў многіх раёнах людзі выйшлі на пратэст.

«Ранкам 23 студзеня забралі матрацы, падушкі, коўдры. Сказалі, вернуць перад адбоем, але так і не аддалі да канца майго тэрміну. Хоць некаторым камерам праз 3-5 дзён матрацы вярнулі.

У гэты ж дзень адключылі ацяпленне. Ранкам мы яшчэ сушылі на батарэі памытыя рэчы, а ўжо ўвечары яна астыла. З тых часоў так і не ўключалася. Мы прасілі, але чулі адмазкі ад супрацоўнікаў: маўляў, мы не ў курсе, заўтра скажыце дзяжурнаму. Балазе, на вуліцы было не так халодна».

Суразмоўца заўважае, што яму яшчэ пашанцавала сядзець на трэцім паверсе. Яго сукамернік, якога перавялі з другога паверха, расказваў, што яны там вельмі мёрзлі. Увесь час былі ў куртках, здымалі іх, толькі каб умыцца.

З 15 студзеня мужчыну ні разу не звадзілі ў душ — людзі мыліся вадой з бутэлек, стоячы над унітазам. Шпацыры, якія спачатку былі ледзь не штодзень, скончыліся 21 студзеня.

Чатырохмесная камера, у якой сядзеў Віталь, часта была перапоўненая. Два дні ў ёй ночыла 13 чалавек: пяцёра на голых шконках, шасцёра на падлозе, двое на лаўцы.

У жанчын было не лепш.

«Падчас адной праверкі, калі жанчыны называліся, мы налічылі па галасах чалавек 20 з адной камеры», — дзеліцца назіраннямі мужчына.

З камеры забралі таксама ўсе кнігі, аркушы паперы, сканворды. Калі Віталю вярталі дзённік, куды ён запісваў свае назіраннямі падчас арышту, там былі выдраныя старонкі з нататкамі.

Адзін з яго сукамернікаў заехаў на суткі з сумкай з неабходнымі рэчамі: цёплым адзеннем, гігіенічнымі сродкамі. Сумку пры «засяленні» забралі. За тыя некалькі дзён, што яны сядзелі разам, рэчы мужчыну так і не выдалі.

Віталь указвае і на іншыя парушэнні правоў:

«31 студзеня да нас у камеру закінулі некалькі неасуджаных чалавек. У іх ужо сканчалася трое сутак з моманту затрымання, іх павінны былі адпускаць. Калі яны сталі казаць пра гэта, ім прывезлі новыя пратаколы. Накідалі зверху артыкулы 23.4 і 17.1 (Непадпарадкаванне і Хуліганства, нібыта за непрыстойныя жэсты). У выніку далі па 15 і 9 сутак».

Па словах суразмоўцы, супрацоўнікі Акрэсціна не хаваюць: невыносныя ўмовы для палітычных робяцца спецыяльна.

«На ранішняй праверцы мяне адзін спытаў: «Як табе тут?» — «Не вельмі», кажу. — «Вы для мяне здраднікі, тут усё робім так, каб вы сюды не захацелі вяртацца».

На просьбу выдаць пасцельную бялізну пыталі артыкул. Называў 23.34. «Вам тут не курорт!» — адказвалі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0