У Беларусі трэба ўвесці крымінальны пераслед за заклікі да санкцый у дачыненні да краіны, прапанаваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у праграме «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1», паведамляе БелТА.

Падчас перадачы дырэктар і галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук заўважыў, што патрыёты сярод апазіцыі і патрыёты сярод праўладна настроеных грамадзян за мяжой паводзяць сябе аднолькава: яны абараняюць інтарэсы роднай краіны. У той жа час ён канстатаваў, што сярод апазіцыі ёсць людзі, якія, знаходзячыся за мяжой, наадварот, заклікаюць да ўвядзення санкцый і звяржэння дзяржаўнага ладу.

«Трэба проста ўвесці крымінальны пераслед за заклікі да санкцый у дачыненні да прадпрыемстваў, роднай краіны», — адказаў Іван Эйсмант.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін у сваю чаргу прывёў у прыклад Злучаныя Штаты Амерыкі. Ён адзначыў, што прыхільнікі розных палітычных сілаў могуць абражаць адзін аднаго, нецэнзурна выказвацца ў дачыненні да ўлады, але ніколі не будуць заклікаць да санкцый супраць ЗША ці да адмены спартыўных мерапрыемстваў у краіне. «Яго б проста заклеймавалі як на афіцыйным узроўні, так і не на афіцыйным», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0