Фота з твітара Жазэпа Барэля.

Фота з твітара Жазэпа Барэля.

Жазэп Барэль адправіўся ў Маскву ў той самы час, калі ў Еўразвязе абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць расійскіх найвышэйшых чыноўнікаў і магнатаў як адказ на пераслед Аляксея Навальнага і падаўленне мірных акцый пратэсту.

Сам кіраўнік Службы замежных дзеянняў Еўразвязу тлумачыць, што паехаў у Расію, бо, з аднаго боку, упэўнены, што кантакты з ёй трэба падтрымліваць, нягледзячы на рознагалоссі, а з другога — палічыў неабходным сабраць інфармацыю перад самітам ЕС у канцы сакавіка, на якім будзе абмяркоўвацца палітыка ў дачыненні да Расіі.

Але, на думку крытыкаў Барэля, тое, як ён выступіў у Маскве і што казаў, дазваляе назваць ягоны візіт катастрафічным правалам.

«Ён прызнаў, што ЕС не зрабіў ніякіх крокаў у бок прыняцця новых санкцый у дачыненні да Расіі ў сувязі са справай Навальнага. Затым Барэль, былы міністр замежных спраў Іспаніі, стаяў і маўчаў з усмешкай на твары, калі [кіраўнік МЗС Расіі Сяргей] Лаўроў у заключным слове аблаяў ЕС, назваўшы яго «ненадзейным партнёрам», — піша еўрапейская версія міжнароднага выданні Politico.

«Барэль сказаў, што ён перадаў незадаволенасць ЕС арыштам Навальнага, — працягвае Politico, — але ягоныя словы апынуліся ў цені напорыстага адказу Лаўрова, які зноў заявіў аб сумневах у высновах Захаду аб атручванні Навальнага баявым нервова-паралітычным рэчывам — высновах, якія канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель асабіста абвясціла ў Берліне, дзе лячылі Навальнага. Лабараторыі ў Францыі і Швецыі, як і арганізацыя па забароне хімічнай зброі, пацвердзілі высновы немцаў».

Ад імя найбуйнейшай фракцыі ў Еўрапарламенце, фракцыі Еўрапейскай народнай партыі, візіт Барэля жорстка раскрытыкавала яе віцэ-старшыня, былы міністр замежных спраў Латвіі Сандра Калніетэ.

«Выступаць на сумеснай прэс-канферэнцыі з расійскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым у той час, калі вядучы апазіцыйны палітык Аляксей Навальны зноў пад судом па палітычна матываваных абвінавачваннях, не дапамагае яго справе. Гэта — аплявуха ўсім, хто абараняе дэмакратыю», — заявіла Калніетэ.

«Візіт […] меў бы сэнс толькі ў тым выпадку, калі б ён наведаў Аляксея Навальнага і правёў грунтоўную гутарку з тымі, хто стаіць за дэмакратыю. У рэальнасці Барэль нават не паспрабаваў сустрэцца з Навальным. І нават не паспрабаваў нагадаць пра Крым. Мы чакалі ад Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах, што ён будзе абараняць еўрапейскія каштоўнасці, а не стане інструментам крамлёўскай прапаганды», — абураная Калніетэ, якая адказвае ў фракцыі ЕНП за замежнапалітычны парадак дня.

Палітолаг і спецыяліст па Расіі і Усходняй Еўропе Марк Галеоці ў артыкуле ў брытанскім часопісе Spectator нагадвае, што многія заклікалі Барэля адмяніць візіт. Барэль, з пункту гледжання Галеоці, дарэмна не паслухаўся.

«Гэта быў майстар-клас ўсяго найгоршага ў дыпламатыі Еўрасаюза. Спрэчны візіт Барэля ў Маскву стаў трыумфам. Праўда, на жаль, трыумфам для рускіх», — піша Галеоці.

Галеоці, як і многія іншыя каментатары, адзначае, што Барэль не паспрабаваў сустрэцца ні з Навальным, ні хоць бы з яго паплечнікамі, што парадаваў расійцаў заявамі аб адсутнасці (пакуль) канкрэтных планаў наконт новых санкцый, але ў адказ пачуў ад Лаўрова абвінавачванні ў «ненадзейнасці», і што ў дадатак Расія ў дзень візіту абвясціла аб высылцы дыпламатаў трох краін ЕС, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.

«Крэмль хоча даказаць, што яго не запалохаць і што ён не будзе з-за санцый мяняць сваю палітыку. Улічваючы, што расійцы, здаецца, асцерагаюцца лезці ў бойку з адміністрацыяй Байдэна, магчыма, яны адчулі, што можна беспакарана пакуражыцца над Барэлем і ЕС. Паглядзім, ці яны маюць рацыю», — піша Марк Галеоці.

Першая магчымасць «паглядзець» будзе 22 лютага на чарговай нарадзе міністраў замежных спраў Еўрасаюза.

Кіраўнік рускай рэдакцыі «Нямецкай хвалі» Крысціян Трыпэ мяркуе, што вынікі візіту Барэля абавязкова паўплываюць і на дыскусію кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза, і на рашэнні саміту ў канцы сакавіка.

«Руку, якую Барэль гэтак відавочна працягнуў Маскве, тая гэтак жа дэманстратыўна адштурхнула. Урады некаторых краін ЕЗ спачатку праявілі нерашучасць, калі разглядалася пытанне аб увядзенні новых санкцый супраць Расіі ў сувязі з несправядлівым судовым прысудам Навальнаму. Цяпер, калі Барэль вяртаецца з Масквы абражаны і з пустымі рукамі, далейшыя санкцыі непазбежныя», — піша Трыпэ.

Кіраўнік камітэта па замежнай палітыцы парламента Эстоніі Марка Міхкельсон лічыць, што ўся атмасфера ў адносінах ЕС і Расіі з улікам судоў над Навальным і іншых падзей цяпер вельмі няўдалая для візіту ў Маскву.

«Паехаць у Маскву і слухаць там лекцыю Лаўрова пра тое, які Еўразвяз неканструктыўны і ненадзейны партнёр, і як у Еўразвязе абыходзяцца з дэманстрантамі яшчэ больш жорстка, чым у Расіі, і як Расія абараняе міжнароднае права — гэта ўсё былі вельмі агрэсіўныя заявы. Я б нават сказаў, нявартыя з боку Лаўрова ў дачыненні да Барэля, які ўсё ж прыляцеў у Маскву шукаць хоць нейкія магчымасці дыялогу», — цытуе Міхкельсона эстонская тэлерадыёкампанія ERR.

Брытанская газета Telegraph назвала візіт Барэля «зневажальным» і працытавала былога высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ЗША, які пажадаў застацца неназваным (пры прэзідэнце Бараку Абаму), які сказаў, што Барэлю не варта было ехаць у Маскву, не забяспечыўшы загадзя хоць які-небудзь адчувальны вынік візіту.

«Не вельмі добрае выступленне Барэля. Ён аказаўся непадрыхтаваным. Лаўроў гуляў па сваіх правілах і атрымаў усё, што хацеў», — сказаў газеце еўрапейскі дыпламат, які таксама пажадаў застацца неназваным.

А адзін з буйных і рашучых брытанскіх еўраскептыкаў, былы лідар Кансерватыўнай партыі Іэн Данкан Сміт выказаўся коратка і без дыпламатычных абаротаў.

«Гэта прыклад таго, як ЕС цалуе Расію з тыльнага боку», — заявіў брэкзітэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0