— Ці ведаеце вы, у чым канкрэтна абвінавачвае вас Сьледчы камітэт Беларусі?

— Я ня ведаю, у чым мяне абвінавачваюць. Яшчэ ў пэрыяд гэтай кампаніі, калі яна ішла летам, Лукашэнка сказаў, што ў яго ёсьць нейкія доказы супраць мяне. Я дазволіў яму гэта ўсё апублікаваць, калі ёсьць нейкія доказы. Я сказаў, што мне не патрэбна таямніца сьледзтва — калі ёсьць доказы, то публікуй. Але гэта так і не было апублікавана ні разу.

Калі яны з трэцяга разу нешта знойдуць, — у мяне дома ўжо два разы быў вобшук, — ну колькі там, дзевяцьсот тысяч, як у Сяргея Ціханоўскага за канапай, ну дык знойдуць (сьмяецца)… Пажадана, каб яны мне паказалі грошы цяпер, каб я мог іх накіраваць на дэмакратызацыю Беларусі.

— Ці ня думаеце, што гэта можа быць зьвязана з тым, што падчас выбарчай кампаніі, калі вы хацелі зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, раптам аб’явіўся турэцка-беларускі бізнэсмэн, які пачаў вас публічна абвінавачваць….

— Натуральна, што ўсё ідзе адтуль. Адкуль бы яшчэ? Тады публікавалася велізарная колькасьць інфармацыі пра гэтага бізнэсмэна, яго абвінавачвалі ў махлярстве, патрабавалі пачаць супраць яго крымінальную справу, на яго падавалі ў суд каля 200 разоў… Вы ўяўляеце сабе, 200 справаў у судзе? Што гэта за чалавек, які ня выканаў ні аднаго абавязаньня? Зразумела, што на яго націснулі адпаведныя органы, і ён стаў пад іх дыктоўку пісаць усё, што яны яму гаварылі.

— Я хацеў бы папрасіць вас пракамэнтаваць яшчэ адну справу. Учора Павал Латушка сказаў, што ён як міністар атрымліваў 600 эўра ў капэрце штомесяц. Ён таксама сказаў, што такія сакрэтныя выплаты на высокім узроўні працягваюцца, што іх далей атрымоўваюць міністры, іншыя высокія чыноўнікі, дэпутаты Нацыянальнага сходу. Вы чулі пра такую практыку? Такая практыка ва ўрадзе ёсьць? Магчыма, вам таксама прапанавалі такую сакрэтную зарплату?

— Я не выключаю, што такое ёсьць. Але трэба ўсё-ткі разумець, што з 2005 году я не знаходжуся на дзяржаўнай службе. Да 1997 году я быў першым намесьнікам міністра замежных справаў, потым я працаваў амбасадарам. Амбасадарам я не атрымліваў такіх грошай, і пазьней таксама не атрымліваў. У нас была арганізацыя цалкам пазабюджэтнага фінансаваньня…

Але я не выключаю, што такім чынам рэжым спрабуе падкупіць ляяльнасьць чыноўнікаў высокага ўзроўню. Ёсьць так званы рэзэрвовы фонд прэзыдэнта, куды звальваюцца велізарныя грошы зь дзяржаўных прадпрыемстваў, з прыватных бізнэсаў.

Дарэчы, мне нядаўна прыйшоў ліст зь Першамайскага райвыканкаму, — я сёньня апублікую яго, — у якім яны просяць, каб я пералічыў грошы, пяць працэнтаў ад выручкі, у рэзэрвовы фонд прэзыдэнта, нібыта на нейкія пытаньні, зьвязаныя з культурай. Ну, гэтую культуру мы бачым — магчыма, што гэтыя амапаўцы таксама атрымліваюць грошы ў капэртах, я гэта не выключаю. Так можа быць, але я паўтаруся — ніколі такіх грошай я не атрымліваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0