Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Не так даўно размовы пра расійскую вакцыну суправаджаліся кпінамі.

«ЗША ні ў якім разе не будзе выпрабоўваць гэтую вакцыну на малпах, не кажучы ўжо на людзях», — сказаў чыноўнік адміністрацыі Трампа ў жніўні, калі з’явіліся першыя паведамленні пра распрацоўку расійскай вакцыны ад каранавіруса «Sputnik V».

Нават у самой Расіі, дзе традыцыйная непразрыстасць палітыкі і некампетэнтнасць чыноўнікі выклікаюць недавер да ўлады сярод насельніцтва, многія расіяне адмаўляліся ад прышчэпкі, якая была даступная ўжо ў снежні, паведамляе The Washington Post.

Аднак цяпер «Sputnik V», названы ў гонар першага спадарожніка, які запусціў Савецкі Саюз, абагнаўшы ЗША ў касмічнай гонцы, ператвараецца ў гісторыю глабальнага поспеху. Гэтаму паспрыяла публікацыя аўтарытэтнага брытанскага медыцынскага журнала the Lancet на мінулым тыдні, дзе сцвярджалася, што расійская вакцына мае эфектыўнасць 91,6% праз 21 дзень пасля першага ўколу і 91,8% для старэйшых за 60, што толькі трохі горш за вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna.

Больш за дзясятак краін ухвалілі расійскую вакцыну для выкарыстання, а пасля публікацыі ў The Lancet шанцы на яе прымяненне ва ўсім свеце ўзраслі. «Sputnik V» значна таннейшая за заходнія аналагі, а таксама не патрабуе нізкіх тэмператур для захоўвання, што ўскладняе распаўсюджванне вакцыны Pfizer у небагатых краінах.

«Гэта пераломны момант для нас», — заявіў Кірыл Дзмітрыеў, дырэктар Расійскага фонду прамых інвестыцый, які стаіць непасрэдна за распрацоўкай вакцыны, а таксама за яе прасоўваннем у свеце.

І гэта насамрэч можа стаць рэдкай перамогай мяккай сілай для Крамля. «Гэта кажа пра якасць і эфектыўнасць навуковай галіны ў Расіі, якую многія людзі лічылі састарэлай, бездапаможнай і недафінансаванай», — кажа Стывен Морысан, дырэктар Цэнтра глабальнай палітыкі аховы здароўя (the Global Health Policy Center), што ў Вашынгтоне.

Эксперты папярэджваюць, што стварэнне эфектыўнай вакцыны можа быць проста выключэннем і яшчэ не сведчыць пра рэнесанс навукі ў Расіі. Але варта адзначыць, што поспех з вакцынай здарыўся на фоне рэалізацыі расійскім урадам нацпраграмы інвестыцый ва ўніверсітэты і даследчыя лабараторыі.

На гэтым тыдні Іран пачаў прышчэпліваць насельніцтва вакцынай «Sputnik V». Расія і Іран таксама дамовіліся, што вытворчасць расійскай вакцыны іранцы пачнуць да красавіка. Пачалі распрацоўвацца планы масавай вытворчасці расійскай вакцыны ў Індыі, Турцыі, Бразіліі і Паўднёвай Карэі. Шэсць краін Лацінскай Амерыкі таксама пачалі распаўсюджваць расійскую вакцыну сярод насельніцтва.

Самая вялікая ўзнагарода ў геапалітычным плане для Расіі — распаўсюджванне вакцыны ў Еўропе. Краіны ЕС адстаюць у сваіх намаганнях вакцынаваць насельніцтва ў параўнанні са Злучанымі Штатамі і Вялікабрытаніяй. На гэтым тыдні Венгрыя заявіла пра сертыфікацыю «Sputnik V» і атрымала першыя 40 000 доз вакцыны. «Вакцына не можа быць палітычным пытаннем», — заявіў венгерскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан у мінулым месяцы. «Выбіраць паміж усходнімі і заходнімі вакцынамі можна тады, калі іх дастаткова».

«Sputnik V» выклікае цікавасць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Ангела Меркель заявіла, што Германія сертыфікуе расійскую вакцыну, калі тая вытрымае праверку экспертамі з ЕС.

У той жа час некаторыя даследчыкі сумняваюцца ў дакладнасці звестак, змешчаных у публікацыі ў The Lancet. Артыкул даказвае эфектыўнасць расійскай вакцыны, але ёсць пэўныя нестыкоўкі, піша нямецкае выданне Der Spiegel.

Яшчэ ў верасні вядомы італьянскі біёлаг Энрыка Бучы, які выкладае ў Філадэльфійскім універсітэце, разам з групай экспертаў раскрытыкавалі расійскую вакцыну за паўторы ў звестках, якія могуць сведчыць пра фальсіфікацыі. Энрыка Бучы вядомы сваім змаганнем з фальсіфікацыямі ў навуковых даследаваннях. Праз паўгода прэтэнзіі ў экспертаў засталіся нават пасля публікацыі ў The Lancet.

Экспертаў насцярожвае, у прыватнасці, непразрыстасць. Замежныя навукоўцы не маюць доступу да неапрацаваных звестак распрацоўкі вакцыны. Расійскія даследчыкі адказалі, што запыт экспертаў на дадатковыя звесткі будзе разгледжаны.

У публікацыі паведамлялася пра смерць чатырох валанцёраў, прышчэпленых «Спадарожнікам», але падрабязнасці абставін смерці апісваюцца толькі для двух чалавек, што таксама турбуе Энрыка Бучы.

Акрамя гэтага, у публікацыі ёсць неадпаведнасці ў колькасці суб’ектаў. У адным месцы напісана, што ў выпрабаванні вакцыны ўдзельнічалі 21 977 чалавек, а ў іншым месцы было пералічана толькі 21 862.

Нарэшце, ёсць і пытанні наконт разлікаў эфектыўнасці вакцыны. У 15% з групы плацэба на 42-і дзень сфарміраваліся антыцелы. За гэты час яны маглі бессімптомна перахварэць на кавід. Незразумела, ці ўлічваўся гэты факт, калі рабіліся разлікі.

Экспертам незразумела, чаму ў адным месцы ў артыкуле напісана, што з 15 000 вакцынаваных чалавек праз 21 дзень кавідам заразіліся 15, а ў іншым месцы было адзначана, што на 20 дзень быў зафіксаваны 61 выпадак кавіду.

Па меркаванні Энрыка Бучы, сцвярджэнне пра эфектыўнасць расійскай вакцыны нельга ўспрымаць усур’ёз пасля несупадзенняў у лічбах і іншых супярэчнасцяў. «Вакцына можа быць каштоўнай нават для Еўропы, — лічыць даследчык. — Аднак усе звесткі павінны быць даступнымі і поўнымі».

Крытыка ёсць і з боку расійскіх экспертаў. Эпідэміёлаг Васіль Уласаў сцвярджае: «На жаль, навуковая супольнасць не мае доступу да неапрацаваных звестак, таму што канчатковыя вынікі могуць фальсіфікавацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0