Завіталі ў госці ў тую самую кватэру на Гая, дзе апошнія гады з сям’ёй жыве Лявон. І распыталі яго жонку, спявачку Яну Смаляга пра новую рэальнасць са спатканнямі праз шкло і добры канец для беларускай казкі пра змаганне дабра са злом.

*9 лютага адбылося першае судовае паседжанне па справе Лявона. Згодна з абвінавачваннем, хлопец прыняў удзел у масавых беспарадках у ноч на 10 жніўня: перакрываў дарогі у раёне Куйбышава-Машэрава, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні. Нанесеная нібыта Лявонам шкода «Мінсктрансу» ацэненая на 115 тысяч рублёў. Лявону пагражае штраф ці хімія на тэрмін да трох гадоў, ці калонія на той жа тэрмін. Аднак сваёй віны хлопец не прызнае.

— Колькі разоў вы бачыліся пасля затрымання Лявона?

— Апроч суда, былі дзве сустрэчы ў снежні напярэдадні Калядаў. Хаця я ў першыя ж дні яго затрымання напісала заяву, у якой патрабавала спатканне з мужам. Проста мяняліся следчыя, якія вялі яго справу: спачатку было двое, і яны нібыта адмовіліся гэтым займацца. І вось ужо трэці давёў усё да суда. Спачатку ён дазволіў пабачыцца з Лявонам бацькам, а неўзабаве і мне.

Яна Смаляга.

Яна Смаляга.

— Было вельмі цяжка?

— У жніўні я думала, што пайду на спатканне разам з сынам, але хутка зразумела, што гэта было б для яго жорстка, выклікала б у дзіцяці шмат дадатковых пытанняў наконт бацькі. Раней я проста ўяўляла сабе, што спатканні праходзяць у нейкім пакойчыку, дзе можна ціха пасядзець. А там — канвой, шкло і камунікацыя праз трубку. Было сапраўды цяжка, я вельмі перажывала, не ведала, пра што мы будзем размаўляць. Лявон яшчэ ўсё апускаў вочы… Але ўся гэтая няёмкасць літаральна на першыя пару хвілін. Пасля адаптуешся да ўмоў, і вось вам ужо мала гадзіны.

— Сыну вы не расказвалі, чаму таты няма дома? 

— Я проста сказала, што таты пакуль няма. Мікаэль не пытаецца, дзе ён. Хутчэй так: «А калі ён вернецца?» Я шчыра адказваю, што не ведаю.

Але пастаянна паўтараю: калі б у таты быў выбар, ён бы нікуды не з’ехаў, не пакінуў бы цябе, бо вельмі цябе любіць. І падарункі ў нас усе ад таты, і малюем мы тату, і прадукты набываем яму. І калі Мікаэль на мяне крыўдзіцца, то абяцае расказаць усё Лявону.

Гэта ўсё насамрэч апынулася лягчэй, чым я думала. Я моцна запарвалася, як патлумачыць, чаму Лявона так доўга няма. Раней жа мы не развітваліся даўжэй чым на паўтара тыдні. Але дзеці не вельмі адчуваюць ход часу: колькі дакладна мінула.

  Лявон з сынам і жонкай.

Лявон з сынам і жонкай.

Мікі такі дарослы зрабіўся, вельмі моцна вырас. Калі Лявон быў з намі, Мікаэль не мог сам апрануцца. А цяпер можа. На каратэ папрасіўся, паглядзеўшы нейкі фільм з «кія-кія» — гэта было прам вельмі дзіўна, бо сын у нас досыць далікатны. Дробязі, але нават для мяне ўсе гэтыя перамены вельмі неверагодныя. Не ўяўляю, як іх успрыме потым Лявон.

— На спатканні муж распавёў вам, што яго білі…

— Ведаеце, я проста думала, што яго, ну… Маглі неяк заламіць пры затрыманні. Ці рукі моцна сцягнуць хамутом, ці весці неяк, што ён ударыўся недзе, стукнуўся выпадкова… А яго ў ГУБАЗіКу мэтанакіравана дубасілі па галаве, пакуль ён не сказаў пароль ад тэлефона. Прыгаворваючы пры гэтым: «чарнадупы, чарнамазы». І пасля медыцынскі агляд спецыяльна зацягнулі, каб усё зажыло. Я, вядома, плакала.

Калі Лявон на судзе паўтараў, што яго збівалі, у маім уяўленні ўсё павінна было адразу скончыцца. У залу павінны былі завесці людзей, якія яго збівалі. І іх ужо трэба было б пачаць судзіць. Але рэакцыі нуль.

— У лістах Лявон дзяліўся тым, што вядзе графік свайго настрою. Якія тут паказчыкі апошнія паўгода ў вас абаіх?

— У мяне бывае па-рознаму. Першыя месяцы я ўвогуле нічога не магла рабіць. Сядзела нейкі час у бацькоў у Барысаве, было страшна, што і мяне могуць затрымаць. Студзень выдаўся вельмі складаным: я перахварэла на каранавірус, і было дрэнна фізічна. Ні хадзіць немагчыма, ні ляжаць.

Мяркуючы па лістах ад мужа, толькі пару разоў яго настрой быў на «два» балы. І напярэдадні суда ён папрасіў перадаць яму заспакаяльныя таблеткі, бо не мог спаць.

 

З ім сядзіць яшчэ 18 мужчын. Ëсць палітычныя, прычым не з 2020 года. Ëсць тыя, хто не аб’яўлены палітвязнем, але ўсе падставы ёсць, і ім вельмі мала пішуць. Хлопцы стараюцца жартаваць.

Лявон засвоіў там для сябе прафесію барбера: стрыжэ сукамернікаў. Шмат чытае і малюе — прычым для сына проста неверагодныя рэчы: лабірынты для машынак, хамелеона. Мне на дзень народзінаў даслаў паштоўку з налепкамі ад туалетнай паперы «Янка». Смяяўся, што вось ужо паўгода карыстаецца толькі ёй, не здраджвае мне. А нядаўна Лявон зрабіў прам цэлы графік лістоў, якія яму дасылалі: разбіў лічбы па днях, тыднях, месяцах. Яму шмат прыходзіць. Часам і 20 штук за дзень.

Лявон піша, што ў яго ўсё добра. Адзінае, што яму не падабаецца: у камеры пастаянна паляць. Адкрываеш канверты ад яго, а адтуль рэальна ідзе моцны пах цыгарэт. А ўвогуле ён такі чалавек — можа зжыцца з любымі умовамі, абсалютна не пераборлівы.

Графік лістоў Лявону.  

Графік лістоў Лявону.

— А як вы з Лявонам пазнаёміліся?

— Сама я з Барысава. Займалася там тэатрам у студыі «Трыумф» і планавала паступіць на акцёрскі ў Акадэмію мастацтваў. Не прайшла. У выніку нават рада, бо такім чынам апынулася на спецыяльнасці «прадзюсар-педагог» у Інстытуце сучасных ведаў. Там было цікава.

З Лявонам мы сустрэліся, калі я вучылася на апошнім курсе. Ëн на той момант быў дырэктарам бара «ДК». Там мы і пазнаёміліся. Браць шлюб мы не планавалі, нават калі ў нас ужо нарадзіўся сын: не бачылі ў гэтым патрэбы. Пайшлі ў загс толькі калі я выйграла грын-карту, з Мікаэлем на руках. Праўда, пасля мы параіліся і вырашылі ўсё ж заставацца у Беларусі: рухаць культуру тут.

— У такіх стрэсавых умовах у цябе атрымліваецца працягваць творчасць, пісаць музыку? (у Яны свой музычны фольк-рэп-праект Iva Sativa) 

— Першыя месяцы пасля затрымання я, вядома, не магла рабіць нічога. А цяпер музыка — гэта тое, што дапамагае абстрагавацца. Я ўсё раблю сама, таму ўсе працэсы — ад арганізацыі запісу да пошукаў аўтара вокладкі — прымушаюць пагрузіцца ў іх і адцягваюць дурныя думкі.

 

Ужо без мужа я выпусціла два трэкі — «Дзікунку» і «Пана». І Лявон пастаянна падтрымліваў мяне ў лістах, прасіў: «Калі ласка, займайся музыкай, не спыняйся». Лявон больш за ўсіх верыць у тое, што я стану супермегакрутой зоркай. І ён казаў, што хацеў бы быць побач са мной у гэты момант. У нас з мужам насамрэч амаль ідэальныя стасункі, дарослыя. Мы класныя і партнёры, і сябры. Ëн — выдатны тата. Такое немагчыма было б пабудаваць з іншым чалавекам. І ў нейкай ступені сённяшняя сітуацыя дадзеная мне, каб яшчэ раз зразумець гэтую каштоўнасць.

Дарэчы, пра нядаўні рэліз «Пана». Так атрымалася, што тэкст гэтай народнай песні я ведала даўно. І тут прам адкрыла наноў: ён вельмі сучасны. «Пан нас мучыў, пан нас плецямі сцябаў. Дужа рана на работу выганяў. Выйду-выйду я да рэчанькі крутой, клікну-клікну шэрых воўкаў за сабой…». Не ведаю, чаму ў нас нічога не мяняецца: заўсёды ёсць нейкі злы пан. У песні ўсё сканчваецца добра, а ў нас… Не ведаю наконт нас. Складана. Усё нават не ад людзей залежыць і не ад іх сілы. Здаецца, як зло можа перамагаць дабро? Але ў жыцці не так, як у казках. Нам здаецца, што павінна быць справядліва і правільна, аднак справядлівасць у свеце не заўсёды вырашае.

— Была хоць адна думка, што валанцёрства Лявона ў штабе Віктара Бабарыкі можа мець нейкія наступствы? 

— Не. Я разумела, што вось Віктар Бабарыка дакладна рызыкуе сваёй бяспекай, а Лявон… Ëн быў проста валанцёрам, які захацеў дапамагчы чалавеку, якога палічыў моцным прэтэндэнтам. Віктар жа ў апошні момант заявіў пра рашэнне балатаваца, каманда збіралася хутка.

Праўда, калі Лявон мне сказаў, што будзе дапамагаць штабу, я яму адразу сказала: «Ты ж разумееш, што усё роўна нічога не зменіцца? Усё застанецца, як ёсць. Таму што ў палітыку гуляюць «вялікія дзядзі», і вельмі складана нешта пахіснуць». У мяне сапраўды не было веры ў нейкія перамены.

І ўвогуле я асабліва палітыкай не цікавілася. Але, канечне, тое, што пасля адбывалася, моцна мяне здзівіла. Адны гэтыя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўнага кандыдата, чаго вартыя. Чэргі! Ніхто, блін, не любіць стаяць у чэргах, а беларусы стаялі.

Пасля ўжо, калі забралі Віктара Бабарыку і Эдзіка, і частка штаба пачала раз’язджацца, у нас маглі праскокваць жарты: «Ой, і нас затрымаюць». Але менавіта як жарты. І ў выніку мы аказаліся зусім не падрыхтаваныя да таго, што адбываецца цяпер з Лявонам. Дапамаглі сябры, знаёмыя, што збіралі грошы на адваката. Бацькі, вядома. Плюс нас падтрымліваў партнёр Лявона па Ruin Bar, дзе ён працаваў.

— Як, дарэчы, бацькі ўсе гэтыя падзеі перажываюць?

— Бацькі Лявона неяк на пазітыве, яны вераць у справядлівасць. Яны ў яго армяне, маці — доктарка, працавала педыятрам, цяпер дзіцячы афтальмолаг. Бацька быў ваенным доктарам.

  Жартаўлівы калаж з сацсетак Лявона, якія цяпер вядуць яго сябры.

Жартаўлівы калаж з сацсетак Лявона, якія цяпер вядуць яго сябры.

А вось мае маці і тата, наадварот, на негатыве, з істэрыкамі і дэпрэсіяй. Я недзе пасярэдзіне. Маральна я не гатовая да жорсткага прысуду. Нават тое, што ён знаходзіцца за кратамі паўгода прытым што не рабіў нічога, ні ў чым не ўдзельнічаў, — ужо несправядліва.

Хочацца, каб канец гэтай гісторыі быў, нібыта ў казцы. Што вось Лявон выходзіць пасля суда — і мы яму бігмак уручаем, едзем дадому. Я пакідаю Лявона ў кватэры і іду забіраць з садка Мікі. Не расказваю загадзя, што тата прыйшоў. Проста заводжу сына ў дом і назіраю за рэакцыяй. Мне здаецца, ён будзе вельмі-вельмі рады. А Лявон будзе плакаць. І далей мы проста жывем. Я рэальна проста хачу жыць. І каб не было навокал той жэсці, што з намі адбываецца. Каб можна было быць упэўненым, што, калі людзі выходзяць з дома, яны вернуцца назад. Не ведаю, ці ажыццявіцца гэта калі-небудзь.

Наступнае судовае паседжанне па справе Лявона адбудзецца 16 лютага: 10.00, суд Фрунзенскага раёна. Вы можаце прыйсці і падтрымаць яго.

Адрас для лістоў: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?