Дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук Вадзім Лакіза ў інтэрв’ю «Нашай Ніве» расказаў, што калабаранатамі, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі, была знішчана вёска Бабровічы Целяханскага раёна. Ці рэальная гэта гісторыя?

Мемарыял у гонар забітых фашыстамі ў Бабровічах. Фота Радыё «Рацыя»

Мемарыял у гонар забітых фашыстамі ў Бабровічах. Фота Радыё «Рацыя»

Спачатку разбяромся, адкуль увогуле бярэцца гісторыя пра Бабровічы і калабарантаў. Вадзім Лакіза спаслаўся на артыкул у газеце «Звязда» за 13 студзеня 2021 года. Яго аўтар — кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Гэта публікацыя тычыцца колішняга кіраўніка БССР Кірылы Мазурава, на якім і спецыялізуецца Голубева.

Нібыта менавіта на данясеннях Кірылы Мазурава «Цэнтру» і грунтуецца інфармацыя пра тое, што Бабровічы знішчалі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. «Беларускімі нацыяналістамі «Самаахова», «Беларускай Краёвай Абароны» (БКА), 1-й Беларускай Грэнадзёрскай брыгадай СС «Беларусь», якія пад бел-чырвона-белым сцягам праводзілі карныя аперацыі супраць партызанаў, мірных жыхароў, знішчана: «в. Бабровічы Целяханскага раёна, спалена ўлетку 1942 года. Расстраляна і спалена 1300 чалавек, засталося 7-8 сем'яў», — гаворыцца ў артыкуле Голубевай.

Кірыла Мазураў

Кірыла Мазураў

Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта даты стварэння арганізацый. 30-я вафэн-грэнадзёрская дывізія СС, большасць якой складалі менавіта беларусы, была ўтвораная толькі ў жніўні 1944, перайменаваная ў «беларускую» ў сакавіку 1945 года. Беларуская краёвая абарона ўтвораная ў пачатку 1944 года.

На момант спалення Бабровічаў сапраўды існавала толькі Беларуская Самаахова. «НН» паразмаўляла з Наталляй Голубевай, якая патлумачыла:

«Гэтая фраза мной была абагуленая. Засталося шмат фотаздымкаў, як з нашыўкамі на рукавах расстрэльвалі, як пад сцягам расстрэльвалі. Сцяг не страляе, не забівае, пад ім забіваюць.

Газетная публікацыя ўсё сціскае. Але нават калі я напісала абагулена, то ў данясеннях Мазурава было, што пад гэтым сцягам расстрэльвалі. Былі атрады і беларускіх, і літоўскіх, і ўкраінскіх нацыяналістаў. Але ж атрадамі Кушаля і іншымі знішчалі нашых беларускіх людзей».

Мы звярнуліся да кнігі «Пра што маўчаў час», аўтаркай якой і з’яўляецца Голубева. Гэтае выданне заснаванае на архівах Кірылы Мазурава. Што мы чытаем у ёй?

«З запісаў Мазурава, блакнот 1948 года, напісана алоўкам, старонка 4: «вёска Бабровічы Целяханскага раёна, спалена летам 1942 года. Расстраляна і спалена 1300 чалавек, засталося 7-8 сем’яў».

Болей ні слова ні пра беларускіх калабарантаў, ні пра бел-чырвона-белы сцяг у цытаце няма.

І ўвогуле гэтыя словы прыводзяцца пасля апісання ўкраінскіх нацыяналістаў, што дзейнічалі на Палессі.

Праз нейкі час ідзе эмацыйная ўстаўка аўтаркі кнігі Наталлі Голубевай, але здаецца гэта ўжо чыстая белетрыстыка:

«Сёння мы дакладна ведаем, што карныя аперацыі ў Беларусі праводзіліся паліцэйскімі батальёнамі беларускіх нацыяналістаў «Самааховы», створанай у 1942 па ўсёй Беларусі для барацьбы з партызанамі, Беларускай краёвай абаронай (БКА). А яшчэ 1-й Беларускай грэнадзёрскай брыгадай СС «Беларусь», сфармаванай з паліцэйскіх частак «Самааховы». Яны знішчалі мірных жыхароў, праводзілі свае карныя аперацыі супраць партызан пад гербам «Пагоня» і з бел-чырвона-белымі нашыўкамі на рукавах, прысвоіўшы сабе права выкарыстоўваць гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, сімвалы, якія б сведчылі пра барацьбу за свабоду, а не знішчэнне ўласнага народа».

Наталля Голубева. Фота sb.by

Наталля Голубева. Фота sb.by

Гэта выключна аўтарскае апісанне Голубевай, да якога не мае ніякага дачынення Мазураў. Няма спасылак і іншых архіўных дакументаў. Выключная публіцыстыка. Вельмі дзіўна, што пры гэтым Інстытут гісторыі Акадэміі навук спасылаецца на такі, мякка кажучы, літаратурны твор замест прапрацоўкі пытання. Магчыма, таму што гэта падпадае пад ідэалагічныя патрэбы часу?

Што тычыцца сапраўднай трагедыі Бабровічаў, то расказана пра яе было нямала. Насамрэч знішчэнне вёскі адбылося не летам, а ў верасні 1942 года. У шасці навакольных вёсках было знішчана каля 1300 чалавек. Гэта была ці не самая значная трагедыя ў рамках аперацыі «Балотная ліхаманка», якую праводзілі карнікі на беларускай тэрыторыі.

«Балотная ліхаманка» праводзілася ў жніўні-верасні 1942 года ў адказ на забойства партызанамі нямецкіх салдат і афіцэраў.

Менавіта з апісання трагедыі ў Бабровічах пачынаецца кніга Янкі Брыля, Алеся Адамовіча і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». «Расказвае Барбарка, 69-гадовая Барбара Адамаўна Слесарчук. Гаворыць з дзіўнай і сцішнаватай усмешкай — нібыта страшную казку, незвычайна далёкую, перажытую вельмі даўно. Гаворыць часамі амаль што зусім як казачніца — нараспеў, з паўторамі, што не здаюцца лішнімі, і па-мясцоваму — на трох ці на чатырох мовах адразу: беларуска-ўкраінска-руска-польскай», — гаворыцца ў кнізе.

«Немцы стаялі, кругом сэло цэп'ю абнялі, тут цэп і там цэп, і па сяле хадзілі немцы. Так много. Я выйшла на кусты ў Багацце. Я не думала жыць. Але думала, куб ён не глядзеў, куб нам от так чэрапа паздымала, куб мы сваю смерць відалі», — дазнаемся з таго аповеду. Дзеля справядлівасці адзначаем, што гаворка вялася не толькі пра немцаў, але і пра паліцаяў. Некаторыя прычым былі з мясцовых. Але ніякіх згадак пра бел-чырвона-белыя сцягі ў Адамовіча, Брыля і Калесніка няма.

Не так даўно рэпартаж з Бабровічаў (вёска змагла аднавіцца пасля вайны) з’явіўся ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия». Адна з відавочцаў успамінае: «Мы сядзелі з дзедам на лаўцы ў хаце. Убачылі, што нямецкі салдат гоніць па вуліцах трох мужыкоў». Зноў успамін пра нямецкіх салдат. Тыя самыя згадкі пра немцаў можна знайсці ў шматлікіх іншых сведчаннях пра знішчэнне Бабровічаў, іх нямала ў інтэрнэце.

Пару словаў аб тым, што з сябе ўяўляла вёска Бабровічы. Гэта было ўнікальнае месца, дзе дзейнічала не праваслаўная царква, а ўніяцкая. Тут быў святар Баляслаў Пачопка, сталы аўтар той, першай «Нашай Нівы». Пасля таго як Заходняя Беларусь адышла СССР, на Пачопку пачаўся ціск і пераслед. Праз гэта ў святара моцна пагоршчыўся стан здароўя, а ў снежні 1940 года ён памёр у целяханскай бальніцы.

Брэсцкі краязнаўца, рэдактар газеты «Царква» Ігар Бараноўскі бываў у Бабровічах, дзе запісваў успаміны старых людзей пра Пачопку, крыху зачапіў і ваенны час.

«На Вадохрышча 1941 года, пасля смерці айца Пачопкі, прыязджаў айцец Леў Гарошка — у будучыні вядомы беларускі дзеяч на эміграцыі. І адбыўся канфлікт у царкве: маладыя камсамольцы яго выгналі, не далі нармальна асвяціць ваду на свята. Ну і мясцовыя згадваюць словы, якія нібыта ён тады сказаў, што цяпер тут пралілася гэтая святая вада, а прыйдзе час, і тады можа праліцца кроў як помста Божая за такое святатацтва.

Баляслаў Пачопка і царква ў Бабровічах. Фота з сайта газеты «Царква»

Баляслаў Пачопка і царква ў Бабровічах. Фота з сайта газеты «Царква»

З пачаткам нямецкай акупацыі айцец Леў Гарошка пачаў зноў служыць у Бабровічах, ён прыязджаў з Баранавічаў, дзе працаваў у медычнай школе. Пабожныя, больш заможныя жыхары і старэйшыя былі за яго, а маладзейшыя — скамунізаваныя — супраць. У глухім лясным закутку каля вялікага Бабровіцкага возера была партызанская зона. Ну і калі недзе недалёка ад Бабровічаў у верасні 1942 года забілі нейкага нямецкага афіцэра, у тых мясцінах пачалася карная акцыя супраць партызанаў у рамках аперацыі «Балотная ліхаманка». Пачалі паліць навакольныя вёскі, дзе хаваліся і карміліся партызаны, і забіваць людзей. Вось тады тыя словы айца Льва Гарошкі, што пральецца некалі тут і кроў за ўчыненае ў свята блюзнерства, і прыгадалі…» — апавядае Ігар Бараноўскі.

«Ніхто з баброўцаў, якія выжылі ў той трагедыі і якіх мы з гісторыкам Настай Ільіной распытвалі пра гісторыю ўніяцкай парафіі ў тых мясцінах, ніколі не згадваў, што, калі знішчалі вёску, былі бел-чырвона-белыя сцягі», — упэўнена кажа спадар Бараноўскі.

Цікава, што гісторыя ўніяцтва ў Бабровічах на ваенным перыядзе не скончылася, з вёскі паходзіць грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот, які цяпер з’яўляецца парахам парафіі ў Гродне.

Не прамінулі магчымасці, каб айцец Крот успомніў, ці чуў ён калісьці ў дзіцячых размовах пра бел-чырвона-белыя сцягі, пад якімі нібыта палілі Бабровічы:

«Бабровічы — гэта родная вёска майго таты, там ён пазнаёміўся з мамай, там я нарадзіўся. Мама, дарэчы, працавала настаўніцай і жыла на кватэры ў той самай Барбаркі, з аповеду якой пачынаецца кніга «Я з вогненнай вёскі». Пра спаленне вёскі я чуў і ад свайго таты, які нарадзіўся праз некалькі год пасля вайны, і ад сталых баброўцаў, што самі перажылі трагедыю, з якімі размаўляў ужо ў пачатку 2000-х.

Ніколі я не чуў ні пра які бел-чырвона-белы сцяг, пад якім нібыта палілі вёску. У нас заўсёды казалі «немец нас паліў» альбо «немец нас біў». Калі ў 1990-х бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным, то ніякай адмоўнай рэакцыі з боку маіх родных, у памяці якіх жывая была трагедыя, я не назіраў. Усе ўспрынялі яго спакойна. Не думаю, што людзі адрэагавалі б так, калі б сапраўды пад гэтым сцягам знішчалі іх родных», — кажа айцец Крот.

Выглядае, што знішчэнне Бабровічаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі — гэта чыстая містыфікацыя, доказаў якой не існуе ў прыродзе. Але яшчэ больш недарэчна, што на яе спасылаецца Інстытут гісторыі Акадэміі навук, які і павінен працаваць на разбурэнне гістарычных недакладнасцяў і свядомых маніпуляцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?