Ігар Капанайка ў судзе

Ігар Капанайка ў судзе

Справу разглядала суддзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца — пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе — прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Таццяна Абозная.

Ігар Капанайка мае дазвол на жыхарства ў Беларусі, вайсковы пенсіянер.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сцвярджае Следчы камітэт, на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў, і схаваўся з месца здарэння.

Сёння пацярпелая Таццяна Абозная выступіла з хадайніцтвам далучыць яе пісьмовыя паказанні да справы.

Яна паведаміла, што ў мінулы раз ехала на суд з думкай, што не трэба строга караць абвінавачанага. Але пасля таго як пабывала на судзе — настроеная на строгае пакаранне.

«Я лічыла, што яму будзе сорамна і балюча, і ён раскаецца і папросіць прабачэння. Але пачутае ў зале суда прымусіла мяне змяніць сваё рашэнне. Бо падсудны зусім не раскаяўся. Вёў у судзе сябе нахабна. Падсудны мяне абгаварыў. І ўсё дзеля таго, каб змяніць кваліфікацыю злачынства на больш мяккае.

Ён паведаміў суду, быццам я каментавала падзеі, звязаныя з Раманам Бандарэнкам. Гэта нахабная хлусня!

Ідэя з помстай прыйшла яму не адразу, бо на першых допытах ён пра гэта не казаў. Варта было яму запусціць гэтую хлусню, як некаторыя арганізацыі, якія адносяць сябе да незалежных СМІ, тут жа яе падхапілі.

Яны апублікавалі гэтую інфармацыю, нават не дачакаўшыся прысуду, не праверылі, наколькі дакладная версія падсуднага. Усё гэта спланаваная і прадуманая акцыя, якая накіраваная супраць праваахоўных органаў», — паведаміла яна.

«Мне не хацелася б паўстаць перад судом старым маразматыкам, — заявіў Ігар Капанайка ў апошнім слове. — Я дакажу, што Абознай былі вымаўленыя словы аб тым, што Раман Бандарэнка выйшаў вечарам п'яным.

Я не хуліган, не злачынец. Я афіцэр запасу. Калі я бачу несправядлівасць, я завожуся з паўабароту. Так было і тады. Смерць Рамана Бандарэнкі ўразіла ўсю Беларусь. Ён таксама служыў, як і я. Ён мне гадзіцца ў сыны. Ён загінуў у цэнтры Мінска, у мірны час, у краіне, якую называюць краінай для жыцця.

На наступным дзень я зайшоў у інтэрнэт і прачытаў паведамленне Абознай, у якім не было спачування родным і блізкім, а толькі хлусня. Усё гэта перапоўніла чашу майго цярпення — і я не памятаю, калі мне было так балюча за краіну, у якой я жыву».

«Прынёс прабачэнні бацькам і дзіцяці Абознай, паколькі яны тут ні пры чым», — дадаў пенсіянер.

Да матэрыялаў суда была прыкладзеная квітанцыя аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Суддзя агучыла прысуд: паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пракурор прасіла 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0