Фота Надзеі Бужан
«Цяпер ідзе праца над лічбамі прыёму, а таксама іх абмеркаванне з кожнай канкрэтнай навучальнай установай. Да 1 красавіка яны павінны быць апублікаваныя на сайтах устаноў адукацыі. Адразу магу сказаць, што будуць змяншацца на 6% лічбы прыёму па шэрагу гуманітарных спецыяльнасцяў, у прыватнасці, на эканамічныя і юрыдычныя», — адзначыў Ігар Карпенка.
Акрамя таго, ён агучыў неабходнасць перагледзець суадносіны лічбаў прыёму на бюджэтную і платную формы навучання.
«Гэта ненармальна, калі на платнае навучанне набіраюць у пяць разоў больш чалавек, чым на бюджэтнае. Потым мы сутыкаемся з тым, што першыя не ведаюць, куды ўладкавацца на працу. Тут трэба знайсці разумны баланс.
Таксама неабходна перагледзець лічбы прыёму на завочнае навучанне», — падкрэсліў міністр.
Аднак у гэтым выпадку ўзнікае іншая праблема: зніжэнне колькасці платных месцаў ўплывае на бюджэт навучальнай установы. «Для ВНУ гэта рэальныя грошы, яны зарабляюць на развіццё базы. Выйсце адно — сур’ёзна працаваць з нашымі замежнымі партнёрамі для таго, каб нарошчваць экспарт адукацыйных паслуг», — перакананы Ігар Карпенка.





