Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, піша БелТА.

«Расію, гэтак жа як і нас, усе спрабуюць напалохаць нейкімі санкцыямі. Я з савецкага часу. Ведаю, што такое Дзяржплан, як планавалася. Я так прыкінуў, божа мой, чаго мы трымцім і парымся. Мы можам усё пралічыць і цалкам сябе забяспечыць.

За выключэннем некаторых дэталяў. Так мы на працягу 3-5 гадоў і дэталі тыя вырабім у Беларусі і Расіі. У нас такі навуковы патэнцыял!

І калі б мы гэта зрабілі, то і Украіна б да нас паволі падцягнулася. Я ўжо не кажу пра Казахстан і іншыя рэспублікі, якія і так недалёкія ад нас. Таму гэта галоўнае пытанне — дамовіцца і забяспечыць нашу Айчыну ўсім неабходным».

Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны разам могуць паспяхова працаваць фактычна ва ўсіх сферах, няхай гэта будзе космас, біятэхналогіі, электрамабілі і іншае. «Мы ўсё ўмеем рабіць. Проста лібералы калісьці нас пераканалі: рынак усё адрэгулюе. Ды чорта з два», — сказаў ён.

У пацвярджэнне гэтага тэзіса ён прывёў прыклад, што ў Японіі і Кітаі складаюць тысячы планаў і розных балансаў. І гэта не толькі індыкатыўныя планы, але і прапісаныя на практыцы. І другое — жалезная дысцыпліна. Лукашэнка распавёў пра даўнюю размову з адным з японцаў падчас наведвання зімовай Алімпіяды ў Нагана (1998 год), які падзяліўся меркаваннем, у чым розніца паміж Японіяй і постсавецкімі краінамі. «Ён кажа: у нас рашэнне прымае адзін, а 99 без абмеркавання выконваюць усё. А ў вас наадварот — 99 разважаюць, прымаюць рашэнне, а аднаму даводзіцца нешта рабіць. Гэта японец сказаў. Вось дысцыпліна — яны дамовіліся і жалезабетонна гэта выконваюць. І ў Кітаі таксама. Таму яны і вядучыя эканомікі свету. І мы можам гэта зрабіць», — упэўнены Лукашэнка.

Таму, лічыць ён, не варта асабліва перажываць з нагоды ўвядзення тых ці іншых санкцый. «Добра, уводзьце. Але свае тавары будзеце спажываць у сябе, на наш рынак не прыйдзеце. Гэта ўсё-такі 150 млн чалавек. А праз Беларусь, Расію праходзіць велізарная колькасць тавараў. Таму зразумела, хто ад гэтага прайграе. А мы ўсе перажываем: ах, санкцыі, мы памром… Ды не памром! — падкрэсліў Лукашэнка. — Сяргей Лаўроў (міністр замежных спраў Расіі) правільна сказаў, жорстка сказаў, малайчына!

Не трэба супраць нас вайнушку нейкую ладзіць. Мы можам адказаць. Калі хочам жыць мірна, трэба сапраўды рыхтавацца да вайны. Мы, вядома, не хочам ваяваць, нам не трэба, мы наеліся. Але тым не менш вы бачыце, што адбываецца вакол».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0