Вось, што пішуць арганізатары ў звароце да тых, хто планаваў наведаць фестываль:
«Нам вельмі-вельмі цяжка казаць пра гэта. Хоць, здаецца, час ужо звыкнуць, што заўтра можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Мы вымушаныя перанесці фэст на два тыдні.
З панядзелка па пэўных незалежных ад нас прычынах уладальнік пляцоўкі абмежаваў нам доступ да памяшкання. Нягледзячы на гэта, мы працягвалі падрыхтоўку да фестывалю і паралельна вырашалі пытанне з доступам. Да пятніцы мы былі ўжо цалкам гатовыя сустракаць гасцей, але дзверы ў МАФ нам так і не адчынілі.
І нават у такіх умовах жорсткага ціску мы знайшлі рашэнне нашага канфлікту ў прававым полі. Нам трэба два тыдні на перанос фестывалю. Так выглядае кашмар любога арганізатара.
Moving Art Festival — праект, якому мы прысвяцілі шмат месяцаў. Уся наша каманда рупліва збірала яго па кавалачках штодзень з раніцы і да самай ночы. І мы не можам проста так яго кінуць».
Арганізатары спадзяюцца, што фестываль удасца правесці 20, 27 сакавіка, 3, 9 красавіка. Яны просяць не здаваць квіткі, але нагадваюць, што такая магчымасць ёсць і застанецца.
Што запланавана ў межах Moving Art Festival?
- Карцінная і фотагалерэя сучасных беларускіх мастакоў
- Арт-інсталяцыі
- Кінапаказы
- Тэатр
- Танцавальныя і творчыя майстар-класы
- Лекцыі і сустрэчы з вядомымі дзеячамі мастацтва
- Музычныя выступы
- Начныя dj-сэты





