«У жаночым лагеры былі чачэнкі з дзецьмі і пяць беларусак»

Ніне Бялінскай 21 год. У Мінску яна адвучылася на піяністку ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка і працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Падчас выбараў дзяўчына пайшла ў назіральнікі. Згадвае, як праводзіла каля ўчастка ўвесь вольны час, пісала скаргі аб парушэннях, але так і не змагла паўплываць на працэс.

Ніну двойчы затрымлівалі — да суда, праўда, справы так і не даходзілі. Адно з гэтых затрыманняў было па дарозе на мітынг у падтрымку Лукашэнкі, куды яна хацела прыйсці паназіраць.

«Я намалявала плакат і, пакуль ішла, пісала аб сваіх перасоўваннях у раённы чат, які, як аказалася, маніторылі супрацоўнікі. Некалькі разоў да нас з прыяцелем пад’язжалі бусы. Потым з аднаго з іх выйшла 6-7 чалавек у чорным адзенні і балаклавах, папрасілі прайсці для парверкі дакументаў і рэчаў. Паколькі ў нас не было ніякай сімволікі, яны не ведалі, што з намі рабіць. Вазілі па раёне гадзіны дзве, спрабавалі разгаварыць. Праз час прыяцеля перасадзілі ў легкавую машыну і звезлі, я засталася адна. Мне пагражалі гвалтам: «Зараз мы з табой так павесялімся, што маці родная не пазнае». У выніку адвезлі на край горада і высадзілі», — распавядае Ніна.

У кастрычніку ёй па адрасе прапіскі прыйшла павестка з пракуратуры. Дагэтуль ёй і маці неаднаразова тэлефанавалі са схаваных нумароў, запрашалі ў РУУС на прафілактычную гутарку наконт распаўсюду «забароненай сімволікі». Ніна змяніла нумар.

«Падазраю, што позва звязаны з тым, што я пісала скаргу ў тую ж пракуратуру наконт затрымання», — заўважае яна.

Баючыся рэпрэсій, дзяўчына з’ехала ў Польшчу.

«Мама не хацела мяне адну адпускаць, збіралася ехаць разам са мной, але я яе адгаварыла. Пасля таго, як я прайшла каранцін, мяне адвезлі ў Белую-Падляшскую ў размеркавальны цэнтр для замежнікаў, дзе я правяла 10 дзён. Пасля перавялі ў жаночы лагер у Варшаве — там я пражыла з 16 снежня па 4 студзеня.

У гэтым лагеры з улікам мяне было пяць беларусак. Усе астатнія — чачэнкі з дзецьмі. Нас кармілі раз на дзень, з 13.00 да 15.00. Давалі адразу і сняданак, і вячэру. Паколькі я вегетарыянка, мяне кармілі па асобным меню. Былі соевыя катлеты, гародніна, рыба, малако, сыры, тварог, батон. З голаду там не памрэш. Супрацоўнікі лагера дапамагалі, таксама да нас часта прыязджалі валанцёры, прывозілі ежу, адзенне і прадметы першай неабходнасці», — апісвае дзяўчына будні ў лагеры.

Ніна паступіла на праграму Каліноўскага — першы год навучання ідуць анлайн-заняткі толькі па польскай мове. Ужо пасля іспыту па мове студэнты атрымліваюць спіс універсітэтаў, куды можна бясплатна пайсці.

Дзяўчына атрымлівае стыпендыю. З некаторымі выдаткамі дапамаглі «Сумленныя людзі», сабралі 4500 рублёў.

«Дзякуючы ім я змагла аплаціць некалькі месяцаў жылля і новы ноўтбук, на якім магу вучыцца — мне патрэбна была працоўная камера, мікрафон і дастатковая хуткасць, чаго не было на маім старым камп’ютары».

«Напісала заяву на стачку — праз сябе пераступіць не змагла»

«Усе мы былі далёкія ад палітыкі, кожны сам сабе жыў, ні ў што не ўнікаў асабліва. Памятаю, як мы галасавалі і складалі бюлетэні гармонікам. Па адчуваннях нібыта рабілі штосьці злачыннае: так нас сканавала вачыма камісія», — кажа Вераніка. Да нядаўняга часу яна працавала маляром на МАПІДзе.

Вераніка — маці траіх дзяцей. Пасля выбараў яна была то на бальнічным з дзецьмі, то ў адпачынку. Выйшла на некалькі дзён на працу, каб здаць пад’езд. А пасля далучылася да забастоўкі.

«Спрацаваў асабісты момант — сілавікі такое твораць, а я ім буду дамы будаваць? Яны выйшлі супраць бяззбройных людзей. Нам у свой час адмовілі ў пастаноўцы на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, хоць мы шматдзетная сям’я — не адпавядалі ўсім крытэрыям. А ім раздаюць кватэры за тое, што яны калечаць лёсы.

Я напісала заяву на стачку. Аднесла ў аддзел кадраў. Тлумачу: праз сябе пераступіць не змагу. Мне ўжо было ўсё адно, звальнення па артыкуле не баялася. На наступны дзень патэлефанавалі з аддзела кадраў. Прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў», — дзеліцца жанчына.

Яна разумела, што будзе няпроста. Сям’я і так небагатая, па вушы ў крэдытах, муж-электрык на дзвюх працах шчыруе. Таму вырашыла звярнуцца па дапамогу.

«Палічылі мой сярэдні заробак за тры месяцы — выплацілі 1880 рублёў. Для мяне гэта вялікія грошы. Дзесьці на іх крэдыт магу закрыць, дзесьці прадукты купіць».

Жанчына згадвае, як яны нейкі час жылі з бацькамі мужа. Тыя — за Лукашэнку.

«Даходзіла да такіх скандалаў! Прычым маці мужа — такая бяскрыўдная жанчына, але калі размова даходзіла да палітыкі, з пенай у рта спрачалася.

Малодшая дачка часта калі з цацкамі гуляе, скандуе: «Жыве Беларусь!» А ў сярэдняй белы і чырвоны любімымі колерамі сталі».

Вераніка пазней змагла па дамове падраду ўладкавацца ліфцёрам у сталічную радзільню, змена — суткі праз трое. Шукае дадатковую падпрацоўку.

«Часам становішча здаецца безвыходным. А потым глядзіш з іншага боку — усё можна перажыць, тым больш калі дапамагаюць».

«Намякнулі: паўтара-два тыдні, і мой статус можа змяніцца на падазраванага»

Дзмітрый Ропат вучыўся на завочцы юрфака Віцебскага дзяржуніверсітэта і працаваў у Мінску на аўтамыйні. У першыя дні пратэстаў хлопец выходзіў аказаць першую дапамогу пацярпелым. А 10 жніўня недалёка ад універсама «Рыга» яго затрымалі. Трое сутак ён прабыў на Акрэсціна. Кажа, што ў яго, як і ў многіх яго сукамернікаў, тады не было суда — нават не выдалі на рукі дакумент, што ён знаходзіўся ў ізалятары.

«Як выпусцілі, я адразу паехаў валанцёрыць пад Акрэсціна, толькі пасля зняў пабоі. Калі побач з ізалятарам я кантраляваў чаргу са спісам, пад’ехаў мікрааўтобус, з яго выбеглі ціхары, зацягнулі мяне ўнутр. Калі спытаў пра прычыну затрымання, сказалі: нам паведамілі, што чалавек тут збірае подпісы супраць улады. Але потым адпусцілі».

Хлопец напісаў дзве заявы ў пракуратуру — пра адмову выдаць яму дакументы, што ён утрымліваўся ў ізалятары, і пра супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў.

«Два тыдні было глуха. Пасля прыйшлі лісты, што пракуратура перадала справы ў СК. Мне сталі тэлефанаваць са схаваных нумароў, настойліва клікалі на гутарку. Прасілі прынесці адзенне, у якім я быў затрыманы, але сказаць, для якой экспертызы, з якой мэтай, адмаўляліся.

Выклікалі мяне ў суботу. Тры гадзіны праводзілі гутарку — падчас яе я ўжо быў не пацярпелым, а сведкай. Я ж таксама вучыўся на юрыста, разгаварыўся са следчай. Яна намякнула: паўтара-два тыдні, і мой статус можа змяніцца на падазраванага».

Дзмітрый не стаў чакаць — падаўся на гуманітарную візу і з’ехаў у Польшчу. Гэта было ў канцы кастрычніка.

«Адразу на мяжы сказаў, што буду падавацца на бежанства. Мяне адвезлі ў гатэль на каранцін. Пасля я спісаўся з заснавальніцай шэлтара ў Беластоку. Мне аплацілі пераезд, знялі пакой, дзе я месяц жыў».

Хлопец падаўся на праграму Каліноўскага. З сабраных для яго грошай (кажа, дапамогу 1200 рублёў сабралі за два тыдні) разлічыўся часткова за пражыванне і новы тэлефон, патрэбны для навучання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?