Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі распавёў, што мерапрыемства, якое прайшло ў Брэсце 28 лютага, было арганізавана Форумам польскіх лакальных ініцыятываў.

— Па наяўных у нас даных, мэтай мерапрыемства было ўвекавечанне памяці тых людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў Брэсце клапаціліся аб польскіх месцах памяці, польскіх могілках, захаванні польскай гісторыі — за гэта яны былі рэпрэсаваныя, у тым ліку адпраўленыя ў Сібір, у Варкуту. Толькі пасля смерці Сталіна, на хвалі адлігі, яны змаглі вярнуцца ў Польшчу. З вядомых мне людзей магу назваць спадара Рышарда Снарскага, які жыў у Берасці, — адзначыў Марцін Вайцяхоўскі.

Паводле інфармацыі часовага паверанага, мерапрыемства ў «Польскай школе» «не мела ніякага дачынення» да імя Рамуальда Райса (Бурага).

— Гэта мерапрыемства ніякага дачынення да Бурага і да падзей у Гайнаўцы не мела, у адрозненне ад таго, што сцвярджаюць дзяржаўныя беларускія СМІ і некаторыя эксперты.

— Можа быць, вершы і чыталі, але 100% не ў славу Райса, яго імя на той сустрэчы нават не згадвалася. Мы гэта старанна правяралі, калі б было па-іншаму, наш консул проста не ўдзельнічаў бы ў такой сустрэчы, — выказаўся Марцін Вайцяхоўскі. — Мерапрыемства, паводле нашай інфармацыі, праходзіць у Берасці ўжо некалькі гадоў, і ніколі яно не выклікала цікавасці, увагі, рэзанансу ў той ступені, у якой гэта адбылося сёлета.

Пры гэтым суразмоўца пацвердзіў, што падзея была прымеркавана да 1 сакавіка — дня, калі ў Польшчы згадваюць удзельнікаў антысавецкага падполля, якія змагаліся за незалежнасць краіны.

— Але гэтае свята ахоплівае ўсіх людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў той ці іншай форме аказвалі супраціў камуністычнай уладзе, за што былі рэпрэсаваныя. Але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што імя Бурага не згадвалася. Наш консул удзельнічаў у сустрэчы, якая была прысвечана мясцовай гісторыі, мясцовым падзеям — яны, на нашу думку, не маюць ніякага антыбеларускага кантэксту і падтэксту.

Марцін Вайцяхоўскі дадаў, што сёлета беларусы і палякі ўдзельнічалі ў сумесных мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ахвяр Рамуальда Райса ў Гайнаўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0