Палітзьняволены, кансультант «Радыё Свабода», блогер Ігар Лосік абвясьціў сухую галадоўку ў чацьвер 11 сакавіка на знак пратэсту супраць новых абвінавачваньняў. Па якім арытыкуле яны прад’яўленыя, пакуль невядома. Адвакат Ігара Дзьмітры Лепрэтар знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні і не можа расказваць пра гэта.

Раней Ігара ўжо абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Пасьля апошняга абвінавачваньня, выстаўленага ў сярэдзіне сьнежня, палітвязень трымаў галадоўку пратэсту, якая працягвалася 42 дні.

Акрамя абвяшчэньня новай галадоўкі Ігар Лосік на вачах у сьледчага і свайго адваката пашкодзіў сабе запясьці ў раёне венаў.

Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе, што 15 сакавіка Ігар спыніў сухую галадоўку. Цяпер ён знаходзіцца ў карцары.

«За тое, што Ігар абвясьціў сухую галадоўку, яго зьмясьцілі ў карцар на пяць дзён, — расказала Дар’я. — Галадоўку Ігар трымаў чацьвёра сутак. Цяпер ён яшчэ ў карцары. Мы з адвакатам у бліжэйшыя дні зноў пастараемся трапіць у Жодзіна, даведацца пра стан Ігара больш».

У чацьвер 11 сакавіка Дар’я выступіла з адкрытым зваротам на адрас Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікала яго вызваліць яе мужа. Спыніць новую галадоўку Ігара Лосіка папрасіла Сьвятлана Ціханоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?