Жалезныя дзьверы офісу абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» выламаныя, а скрозь адтуліны бачна, што ўнутры быў ператрус. Больш за гадзіну таму ля офісу было шмат міліцыянтаў, піша «Радыё Свабода».

Паводле відавочцаў, на акне сядзібы партыйнай арганізацыі вісеў бел-чырвона-белы сьцяг, які прыцягнуў увагу супрацоўнікаў міліцыі.

Сядзіба магілёўскіх сацыял-дэмакратаў месьціцца ў цэнтры гораду на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Вокны выходзяць у прахадны падворак. Партыйцы кажуць, што сьцяг вісеў на акне больш за год і праблемаў, зьвязаных зь ім, не было. Акрамя яго, па сьценах памяшканьня былі разьвешаныя партыйныя сьцягі. Цяпер іх няма.

22 сакавіка на 15 дзён адміністрацыйнага арышту асудзілі старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава. Нібыта ён не падпарадкаваўся «законнаму патрабаваньню службовай асобы». БСДП (Грамада) разам з Партыяй БНФ і рухам «За Свабоду» падавалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу з нагоды 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сталічныя ўлады дазволу не далі.

Не дазволіў гарвыканкам мітынг на 25 сакавіка і ў Магілёве. Пра гэта заяўнік — актывіст АГП Раман Давыдаў — даведаўся ад пракурора гораду. Ад чыноўнікаў адказу на заяўку няма дагэтуль, хоць яе падавалі на пачатку сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0