BYPOL — гэта ініцыятыва сілавікоў за свабодныя выбары.

ГУБАЗіК — гэта ўпраўленне міліцыі, якое мае займацца арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, але за апошні год пераключылася на палітычныя справы і стала свайго роду «тайнай палітычнай паліцыяй». Амаль штодзённа з розных гарадоў краіны прыходзяць паведамленні пра затрыманні і ператрусы, якія ГУБАЗіК праводзіць у праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Аднак ад восені стала ясна, што знутры самога ГУБАЗіКа выцякае інфармацыя.

У фільме «Беларусь-1» паказалі відэа працы ГУБАЗіКа. Закадравы голас растлумачыў: гэта відэа з'явілася ў сеціве 28 лістапада, «праз два дні пасля таго, як старшы оперупаўнаважаны 4-га аддзела 1-га ўпраўлення ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў збег ва Украіну», цытуе Tut.by.

Начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын заявіў, што падпалкоўнік займаўся перадачай інфармацыі мэтанакіравана.

— Збіраў інфармацыю, ні ў якім разе сябе не выяўляючы, — тую, да якой меў доступ.

На думку Паршына, шмат у чым інфармацыя, апублікаваная BYPOL, была перададзеная менавіта Лупаносавым.

— У нас былі ўжо магчымыя намёткі на тое, што са «святая святых» ідзе такая ўцечка інфармацыі. І мы былі блізкія да таго, каб задаць пэўныя пытанні непасрэдна начальніку супрацоўніка, які здзейсніў гэтыя дзеянні, — распавёў Паршын.

Паводле Паршына, Станіслаў Лупаносаў як спецыяліст у IT-сферы займаўся распрацоўкай Сяргея Ціханоўскага і праекта «Краіна для жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0