Экспазіцыя «Машына дыхае, а я — не» прадстаўляе аўтарскія выказванні фатографаў і мастакоў на тэму дзвюх трагедый, што здарыліся ў беларускай медыцынскай суполцы ў 2020 годзе. Маюцца на ўвазе барацьба з COVID-19 і наступствы гвалту з боку сілавых структур у дачыненні да мірных грамадзян.

Выстава пачала рыхтавацца ў верасні. «Адчувалася, што грамадства ўдзячнае медыкам за тое, што яны на гэтай вайне, што ратуюць жыцці і саму сітуацыю. А на дзяржаўным узроўні належнай падзякі не было, — кажа ініцыятарка «Машыны» Таццяна Гацура-Яворская. — Нам падалося важным, каб медыкі адчулі нашае плячо і ўдзячнасць».

Апроч «Запiсак пацыентаў, якія ляжаць на ШВЛ» у прасторы выстаўлены адзіны журналісцкі фотарэпартаж з так званай «чырвонай зоны», які ўдалося зрабіць у Беларусі. Алесь Пілецкі здолеў трапіць унутр Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі яшчэ ў перыяд першай хвалі COVID-19 і прабыў там некалькі гадзін.

«Я размаўляў з галоўным доктарам і начальнікам упраўлення па ахове здароўя, і мне прапанавалі хіба паздымаць на парозе, — успамінае фатограф. — Але ў выніку я сустрэўся з ужо вядомым усім Уладзімірам Мартавым, і ён, доўга не думаючы, правёў мяне ўнутр. Стала жудасна ўжо на ўваходзе, калі табе трэба надзець ахоўны касцюм, а іх проста няма. Свой касцюм мне аддаў адзін з дактароў».

Тут жа праект «Куды зніклі ўсе кветкі?» Максіма Сарычава, які зрабіў серыю здымкаў завялых кветак, калі кветкавы бізнес страціў пакупнікоў праз лакдаўн, на фоне газетных палос сусветных СМІ з матэрыяламі пра каранавірус.

Адмыслова для выставы была зроблена серыя «Гісторыі лекараў. 2020 год»: мастачка Маша Святагор, журналістка Вераніка Лазарэвіч і прадзюсарка Юля Ваўчок паказваюць сваіх герояў-медыкаў як звычайных людзей і запісваюць іх мінулы год. Мастакі Васіліса Паляніна і Андрэй Анро прадстаўляюць у «Месцы» свой «Маніфест», у якім заклікаюць грамадства працягваць салідарызавацца.

«Я лічу, што для медыцынскай суполкі мінулы год быў адначасова і дрэнным, і добрым, — сказаў на адкрыцці хірург і адзін з герояў праекта «Гісторыі лекараў. 2020 год» Дзмітрый Маркелаў. — Усё пачалося з эпідэміі каранавіруса, але калі прыйшла бяда, медыкі згуртаваліся і адчулі, што такое салідарнасць і арганізацыя. У бальніцы паступала вялізная колькасць людзей, не хапала сродкаў аховы, паміралі і пацыенты, і самі медыкі, і ўсё гэта на фоне няправільнага стаўлення да падзей з боку кіраўніцтва. Праблема не афішыравалася, дадзеныя скажаліся, меў месца адкрыты падман. Гэта было першай кропляй у чашу цярпення медыкаў. Потым былі выбары і гвалт над вялікай колькасцю безабаронных людзей — медыкі ўсё гэта бачылі і мусілі мець справу з раненнямі і траўмамі, з якімі раней ніхто з іх не сутыкаўся. Яны былі ў псіхалагічным шоку, і гэта стала другой кропляй. А трэцяй кропляй паслужыла вялізная колькасць рэпрэсій ў дачыненні да медыцынскіх работнікаў у выглядзе пазбаўлення волі, штрафаў, запалохвання і звальненняў».

Апроч экспазіцыі, праект «Машына дыхае, а я — не» ўключае ў сябе шэраг імпрэз: экскурсій, дыскусій і кінапаказаў. Ён стане пляцоўкай для дыялогу паміж медыцынскай і грамадскай супольнасцямі.

Арганізатарамі «Машыны» стала грамадскае аб'яднанне «ЗВЕНО», а куратарамі — платформа SHKLO+. Выстава будзе працаваць да 17 красавіка. Уваход на экспазіцыю ды імпрэзы праекта вольны. 

Расклад мерапрыемстваў:

1 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з псіхіятрам-нарколагам і псіхатэрапеўтам Уладзімірам Івановым. Мадэратар — журналіст Onliner Аляксандр Чарнуха. 

2 красавіка 19.00 (афлайн) — Паказ фільма «Лебедзі» Галіны Адамовіч.

3 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з анестэзіёлагам-рэаніматолагам Уладзімірам Мартавым. Мадэратар — Аляксандр Чарнуха. 

5 красавіка 19.00 (анлайн) — Экскурсія па выставе з мастакамі і куратарамі. Частка 1.

8 красавіка 19.00 (афлайн) — Дыскусія «Медыкі на COVID-перадавой». Удзельнікі: доктар-інфекцыяніст Мікіта Салавей, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка, заснавальніца праекта «Імёны» Кацярына Сінюк, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кандыдат сацыялагічных навук Аксана Шэлест. Мадэратар — праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

9 красавіка 19.00 (афлайн) — Паказ фільма «Мужчына, які чыніць жанчын: гнеў Гіпакрата» Тэры Мішэль.

12 красавіка 19.00 (анлайн) — Экскурсія па выставе з мастакамі і куратарамі. Частка 2.

15 красавіка 19.00 (анлайн) — Дыскусія «Паміж клятвай Гіпакрата і грамадзянскай пазіцыяй». Удзельнікі: хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Дзмітрый Маркелаў, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ анкалогіі ім. М.М. Аляксандрава Аляксандр Мініч, кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра біяэтыкі РБ Валерыя Сакольчык, доктар-анколаг, былая загадчыца анкалагічна-гематалагічнага аддзялення №3 РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат медыцынскіх навук Надзея Пятроўская. Мадэратар — Таццяна Вадалажская.

16 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з доктарам-інфекцыяністам Мікітам Салаўём. Мадэратар — Аляксандр Чарнуха. 

17 красавіка (афлайн) — Прэзентацыя зіна праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?