Onliner.by

Onliner.by

Суддзя Анжэла Касцюкевіч агучыла наступныя прысуды: Кірылу Казею — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыю Сяргею — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Напярэдадні пракурор запрасіла менавіта такое пакаранне. Таксама абвінавачаныя мусяць сплаціць па 150 базавых велічынь штрафу.

Нагадаем, 27 кастрычніка 2020 года ў сацсетках з'явілася відэа, як у Чыжоўцы кіроўца BMW б'е мужчыну проста на дарозе. Да гэтага мужчына махаў бел-чырвона-белым сцягам, і такую рэакцыю кіроўцы многія звязалі з яго палітычнай пазіцыяй (пазней нападнік патлумачыць, што інцыдэнт не звязаны з палітыкай). Відэа бойкі разышлося ў сацсетках і тэлеграм-каналах, там жа з'явіўся адрас і нумар тэлефона кіроўцы — Дзмітрыя Давыдзюка.

І, па версіі следства, у адным з чатаў трое жыхароў Мінска вырашылі правучыць мужчыну: пракалоць шыны яго аўто. Ноччу 28 кастрычніка яны прыехалі да яго ў двор, але на падыходзе двое (Казей і Сяргей) былі затрыманыя байцамі АМАП, яшчэ адзін удзельнік паспеў схавацца і цяпер знаходзіцца ў вышуку.

Пры асабістым вобшуку ў Казея быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет без куль і балона, у Сяргея — самаробны нож, які экспертыза прызнала халоднай зброяй. А на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля Казея былі выяўленыя сцягі, улёткі, феерверкі, лазерныя ўказкі, ручная граната і 58 патронаў. Агляд машыны быў паказаны ў сюжэце на дзяржТБ.

Спачатку мужчын асудзілі на арышт паводле адміністрацыйных артыкулаў, але пасля заканчэння арышту іх пакінулі пад вартай, а затым прад'явілі абвінавачванне па трох крымінальных артыкулах. Абодва абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны.

На першым пасяджэнні адбыўся допыт кіроўцы BMW Давыдзюка, прызнанага па справе пацярпелым. Ён сказаў, што Казея і Сяргея ён бачыць упершыню, а інфармацыі аб тым, што менавіта абвінавачаныя адпраўлялі яму паведамленні з пагрозамі, у судзе не прагучала. Былі таксама дапытаныя ў закрытым рэжыме супрацоўнікі АМАП, якія ўдзельнічалі ў затрыманні.

Юрый Сяргей ад дачы паказанняў на судзе адмовіўся. Кірыл Казей жа распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы ў гэты момант і падчас паездкі ў РУУС, а таксама пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў. Казей катэгарычна адмаўляў, што пісталет, граната і патроны належаць яму. Ён ўпэўнены, што іх падкінулі. Усе хадайніцтвы аб правядзенні дадатковых экспертыз судом былі адхілены. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0