Пазл, як і сіні колер, якім у гэты дзень падсвечваюцца славутасці і арт-аб’екты па ўсім свеце, з’яўляецца сімвалам аўтызму — парушэння развіцця, якое ўплывае на камунікацыю і стасункі з іншымі людзьмі. Гэты вобраз звязаны з тым, што з-за сваёй унікальнасці і асаблівага ўспрымання рэчаў дзецям і дарослым з такім расстройствам складана знайсці сваё месца ў грамадстве — гэтак жа як і асобным дэталям у мазаіцы.

Сёлета ўпершыню беларусы змогуць далучыцца да міжнароднай сацыяльнай акцыі ў анлайн-фармаце: зайсці на сайт worldautismday.by і націснуць на кнопку «Зняць пазл». Калі ўсе карыстальнікі разам разбяруць віртуальныя пазлы, маска стэрэатыпаў і непаразумення, з якімі сутыкаюцца людзі з аўтызмам, знікне — і замест яе з’явіцца сімвал Сямейнага інклюзіў-тэатра «i».

Акцыя прымеркавана да прэм’еры тэатра «Агонь і Лёд», якая таксама адбудзецца ў анлайн-фармаце 2 красавіка: а 19-й гадзіне ў эфіры відэасэрвісу VOKA пастаноўку змогуць бясплатна ўбачыць усе ахвотныя з любога пункта свету. На сайце worldautismday.by змешчаны эскіз адной з масак, якія мастачка Людміла Скітовіч зрабіла для дзяцей, занятых у спектаклі.

«Агонь і Лёд» — гэта першая ў Беларусі пастаноўка, створаная з дапамогай тэхналогіі virtual production, калі рэальныя акцёры выступаюць у віртуальнай прасторы. У цэнтры сюжэта — гісторыя Майстра, яго Музы і іх дзяцей і вучняў, расказаная праз балет, пластыку, імправізацыю, жывую музыку і 3D-дэкарацыі.

Далучыцца да прагляду можна будзе на сайце voka.tv альбо ў мабільнай праграме VOKA пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона. Першы афлайн-паказ спектакля адбудзецца 24 красавіка на сцэне Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода. Білеты можна набыць на сайце аператара kvitki.by.

Чытайце таксама: Адна з самых яркіх пар Вялікага тэатра ломіць танцавальную традыцыю — чаго чакаць ад прэм’ернай пастаноўкі «Агонь і лёд» ФОТЫ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0