Мужчына абвінавачваўся адразу ў некалькіх злачынствах. Па сукупнасці злачынстваў суд прыгаварыў мужчыну да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асобага рэжыму.

Гэта адбылося 25 снежня 2019 года. 37-гадовы жыхар Лідскага раёна і яго 49-гадовы сябар паклікалі ў госці 42-гадовую жанчыну з суседняй вёскі. У доме абвінавачанага на хутары кампанія распівала спіртное. Гаспадар дома неаднаразова ўжываў фізічны гвалт у дачыненні да вяскоўкі і сябра.

«Абвінавачаны узяў у рукі металічны шуфлік і нанёс жанчыне ўдар па галаве. Пад пагрозай забойства ён прымушаў сябра задушыць жанчыну провадам, каб зрабіць таго саўдзельнікам сваіх дзей, але ў выніку зрабіў гэта самастойна. Каб схаваць сляды злачынства, абвінавачаны раздзяліў цела жанчыны і некаторыя часткі спаліў у самаробнай печы, а тулава выкінуў у меліярацыйны канал, дзе яно пасля і было выяўлена», — распавядалі падрабязнасці справы ў СК.

Занепакоеныя сваякі і знаёмыя жанчыны звярнуліся ў міліцыю з заявай аб яе знікненні. Неўзабаве міліцыянерам стала зразумела, што знікненне можа насіць крымінальны характар. У далейшым міліцыя затрымала 49-гадовага ўдзельніка застолля, які распавёў пра здарэнне і паказаў месцазнаходжанне цела. Па падазрэнні ў злачынстве быў затрыманы гаспадар дома, які прызнаўся ў зробленым. Ён не хаваўся, жыў як раней і нават сам тэлефанаваў участковаму з просьбай уладкавацца на працу.

Гэты мужчына быў судзімы за захоп закладніка і згон аўтобуса ў Капыльскім раёне ў 2003 годзе. У момант злачынства перамовы з ім вёў асабіста міністр унутраных спраў, а закладніка (касіра) у аўтобусе замяніў сабой пракурор раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0