spring96.org

spring96.org

Суддзя — Дзмітрый Кедаль. Пракурор — Ульянава. У працэсе ўдзельнічаў таксама пацярпелы падпалкоўнік міліцыі Вадзім Палякоў.

Паводле следства, 30 кастрычніка 2020 года Дар'я Двайных пад фотаздымкам Палякова ў адным з тэлеграм-каналаў размясціла каментар абразлівага зместу. Тры словы з гэтага каментара былі прызнаныя ў матэрыялах справы абразлівымі.

На судзе Дар'я Двайных прызнала сваю віну часткова. Прызнаючы зневажальны характар напісанай ёй фразы, яна разам з тым сцвярджала, што яна не ведала спачатку, што на фотаздымку службовая асоба. На фота Вадзім Палякоў быў у цывільным адзенні. Сітуацыя датычылася тых дзён, калі міліцыя папярэджвала і затрымлівала работнікаў прадпрыемства «Азот». Двайных сказала, што падумала, што гэта адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі заводу, напрыклад, начальнік цэху. 

Вадзім Палякоў заявіў у судзе, што гэты каментар у тэлеграм-канале яму паказалі яго падначаленыя, пазней каментар бачылі таксама яго дзеці, што прынесла падпалкоўніку маральныя пакуты.

Дадатковых праблем са здароўем пры тым не ўзнікла. Палякоў напісаў адпаведную заяву ў следчыя органы па факце гэтага каментара і на іншыя абразлівыя каментары іншых людзей. Следчыя органы выявілі аўтарства каментара толькі Дар'і Двайных. Пры тым у яе ў кватэры прайшоў ператрус, які ажыццяўлялі агулам ажно 9 чалавек (5 з іх былі ў форме АМАПа). Дар'я Двайных і яе блізкія перажылі тады сапраўдны шок. Пазней следчыя заявіліся ў кватэру паўторна і хацелі нават узяць Двайных пад варту.

Дар'я Двайных выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей і знаходзіцца зараз у адпачынку па доглядзе малодшага дзіцяці. На судзе Двайных выказала прабачэнні Палякову. Прабачэнні былі прынятыя, хоць Палякоў і выказаў сумневы ў шчырасці раскаяння і прабачэння жанчыны.

Паралельна падпалкоўнік Палякоў заявіў пазоў на кампенсацыю маральных пакут — была агучана сума 500 рублёў. Ён абяцаў перавесці гэтыя грошы ў адну з дзіцячых устаноў. Двайных прызнала гэты іск, але папрасіла суд знізіць суму кампенсацыі да 300 рублёў.

Потым абвінаваўца Ульянава выказала меркаванне, што віна Дар'і Двайных цалкам даказаная і прапанавала суду з улікам змякчальных абставін пакараць жанчыну 1 годам і 6 месяцамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Палякоў пагадзіўся з бокам абвінавачання, але прапанаваў не караць Двайных жорстка.

У выніку Дзмітрый Кедаль агучыў прысуд: 1 год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (хатняя хімія) і 500 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу, акрамя гэтага Двайных мусіць заплаціць 87 рублёў дзяржаўнай пошліны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0