Пра знікненне інтрыгі ў чэмпіянаце казаць зарана, бо салігорцы яшчэ не гулялі супраць прамых канкурэнтаў, але з кожным матчам каманда Рамана Грыгарчука выглядае ўсё больш упэўнена.
Фота ФК «Шахцёр».
На іншым полюсе ў адзіноце з нулём застаўся «Спадарожнік», чые браты па няшчасці, «Славія» і «Смаргонь», згулялі ўнічыю і набралі нарэшце першыя балы.
З іншых матчаў мінулага тура варта адзначыць трэцюю запар нічыю «Руха», а таксама зарубу ў Барысаве, дзе «Гомель» ледзь не стварыў сенсацыю ў гульні з БАТЭ. Каманду Івана Біёнчыка можна ўпэўнена назваць адкрыццём чэмпіянату, як і брэсцкае «Дынама», якое мінімальна выйграла ў заходнім дэрбі.
Вось усе вынікі:
- «Нёман» — «Дынама-Брэст» 0:1 (80, Шасцюк)
- БАТЭ — «Гомель» 3:2 (40, Я. Філіпавіч; 52, 54, Умараў — 31, Васькоў; 89, Ан. Салавей)
- «Спадарожнік» — «Мінск» 0:1 (50, Алісейка)
- «Шахцёр» — «Іслач» 4:0 (37, 70, Дарбо; 41, Сзоке; 54, Ахмедзі)
- «Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск» 1:0 (30 (аг), Скітоў)
- «Дынама-Мінск» — «Слуцк» 1:0 (30, По)
- «Славія» — «Смаргонь» 1:1 (37, Тлупаў — 82 (аг), Бараноўскі)
- «Рух» — «Энергетык-БДУ» — 0:0
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
На якія матчы варта звярнуць увагу ў чацвёртым туры?
«Энергетык-БДУ» — «Спадарожнік»
- 09.04, 17:30. Мінск, РЦАР-БДУ
У першым туры «студэнты» паспяхова разабраліся з навічкамі са Смаргоні, цяпер на вуліцу Сямашкі едуць госці з Рэчыцы, маральнаму стану якіх не пазайздросціш.
«Іслач» — «Рух»
- 10.04, 14:00. Стадыён ФК «Мінск»
Берасцейцы ўжо гулялі на «Камвольшчыку» ў гэтым сезоне, і ўражанні засталіся не самыя прыемныя — у другім туры «Рух» упусціў перамогу ў гульні з «Мінскам».
У «Іслачы» ж другі запар іспыт камандай, якая на паперы выглядае мацнейшай. Першы ў Салігорску скончыўся няўдала.
«Слуцк» — «Тарпеда-БелАЗ»
- 10.04, 16:00. Слуцк, стадыён СДК
Пасля фіяска ў першым туры жодзінцы здабылі дзве перамогі і вярнуліся ў пул лідараў табліцы. Вынік можа замацаваць чарговай перамогай, на гэты раз у Слуцку.
«Цукровыя» пачалі сезон няўразліва, з відавочнымі праблемамі наперадзе, і матч з бронзавымі прызёрамі мінулага года павінен стаць тым яшчэ выпрабаваннем.
«Дынама-Брэст» — «Дынама-Мінск»
- 10.04, 20:00. АСК «Брэсцкі»
Нягледзячы на кардынальныя перамены ў брэсцкім клубе, дынамаўскае дэрбі ўсё роўна выглядае найлепшай афішай тура. Тым больш абедзве каманды ідуць паралельна па сезоне.
Госці на паперы выглядзяць топамі, але яны ўжо мелі праблемы ў Віцебску, а берасцейцы ў той жа час ужо мелі выпрабаванне барысаўскім БАТЭ.
«Мінск» — БАТЭ
- 11.04, 14:00. Стадыён ФК «Мінск»
«Гараджане» нарэшце здабылі першую перамогу і заскочылі ў сярэдзіну табліцы. Замацаваць поспех будзе вельмі складана, але «Мінск» ужо адбіраў балы ў фаварытаў. Чаму б і не паўтарыць?
«Гомель» — «Нёман»
- 11.04, 16:00. Гомель, СДзЮШАР-8 (штучнае поле)
Гарадзенцы, якія восенню ледзь не заваявалі медалі чэмпіянату, у новы сезон увайшлі з вялікімі цяжкасцямі. Каманда ў лізе яшчэ не перамагала і за тры туры адзначылася ўсяго аднойчы.
У «Гомеля» пасля трох тураў у актыве пяць мячоў, тры з якіх на рахунку Андрэя Салаўя. Але ў той жа час «рысі» прапусцілі чатыры мячы, у два разы больш за «Нёман». Таму ў абароне «бела-зялёным» варта быць больш пільнымі.
«Славія» — «Віцебск»
- 11.04, 18:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва»
Няўдалы старт «Славіі» стаў даволі нечаканым, тым больш каляндар мазырчукоў не быў звышскладаным. Але «чорна-чырвоныя» не змаглі выйграць нават у «Смаргоні», таму маем што маем.
«Віцебск» адышоў недалёка ад «Славіі» і на дадзены момант з'яўляецца самай панылай камандай у лізе — ніводнага забітага і толькі адзін прапушчаны мяч. Ёсць шанец крыху палепшыць статыстыку, але для гэтага трэба хаця б забіць.
«Шахцёр» — «Смаргонь»
- 11.04, 20:00. Салігорск, стадыён «Шахцёр»
На гэтым тыдні «Шахцёр» аформіў выхад у паўфінал кубка Беларусі. Але ў другім матчы супраць «Нёмана» салігорцы прайгралі і выйшлі па суме галоў, таму чэмпіёны не выглядаюць непрыступнымі.
Але ў «Смаргоні» шанцаў няшмат — адзіны забіты камандай мяч і той з'яўляецца аўтаголам. Таму хутчэй гледачы пабачаць яшчэ адзін разгром, чым суперсенсацыю.





