Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Нагадаем, што 19 лютага мінская суполка хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» была прымусова выселена.

У 2002 годзе гэтая царква выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку горада, адрамантавала яго, і з 2004 года там праходзілі набажэнствы. У мінулым годзе «Новае жыццё» атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак у Мінску на вуліцы Кавалёва, 72 да канца года.

«Новае жыццё» — найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Са жніўня яна паслядоўна асуджала беззаконне і гвалт, а таксама заклікала ўлады да пакаяння.

— Ужо амаль два месяцы людзі моляцца на вуліцы, — кажа пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка — Збіраемся кожную нядзелю на аўтамабільнай стаянцы ля будынка царквы, з якога нас выселілі. Сітуацыя тупіковая, бо Мінгарвыканкам не ідзе нам насустрач.

— Вярнуць будынак царкве — справа нерэальная?

— Мы, безумоўна, хацелі б да гэтага прыйсці, абмяркоўваем сітуацыю з юрыстамі. Праўда, мінулы юрыдычны досвед паказвае, што ў нашай краіне дастаткова складана абараніць свае правы.

— Новае памяшканне не спрабавалі знайсці?

— На тое, каб праводзіць службы ў адміністрацыйных будынках, усё роўна патрэбны дазвол Мінгарвыканкама. І падчас гутаркі з гарадскімі чыноўнікамі нам стала зразумела, што памяшканне дадуць толькі пры ўмове, што мы аплацім доўг, які мы як быццам вінны ЖРЭА. Хочуць павесіць на нас падатак на зямлю, хаця, калі б будынак не забралі, царква была б вызвалена ад такога падатку.

А патрабуюць заплаціць ні многа ні мала — каля 180 тысяч долараў! Адным словам, сітуацыя тупіковая. Памяшканне нам не хочуць аддаваць, а мы не хочам плаціць такую суму, бо царква не павінна плаціць.

Мы ж такі рамонт цудоўны зрабілі! Можна ж было паступіць па-людску — даць кампенсацыю, прадаставіць новае памяшканне. А так пакінулі без нічога. Толькі ўмовы ставяць.

— Міліцыя не перашкаджае вернікам збірацца на вуліцы і маліцца?

— Такога не было, хаця часам бачым і міліцэйскія машыны, і з дрона здымалі нашы сходы.

Мы на гэта не звяртаем увагі. Молімся і верым, што Гасподзь дасць нам перамогу і ў нас усё роўна будзе свой будынак.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0