Мікалай Лысянкоў і Сяргей Чэрачэнь

Мікалай Лысянкоў і Сяргей Чэрачэнь

Мікалай Лысянкоў — бізнэсовец і палітычны дзеяч са Стоўпцаў. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ўзначальваў штаб Сяргея Чэрачня. Сёньня экс-кандыдат займаецца збольшага камэнтаваньнем падзей у краіне праз свае тэлеграм-каналы і ютуб.

У невялікім горадзе, што за 70 кілямэтраў ад Менску, улетку і ўвосень бурліла палітычнае жыцьцё. Тысячы жыхароў Стоўпцаў тыднямі выходзілі на акцыі пратэсту. Пасьля пачатку хвалі рэпрэсій пратэсты зьмянілі форму. У горадзе і раёне дагэтуль вывешваюць бел-чырвона-белыя сьцягі, праводзяць невялікія акцыі, дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій.

Мікалай, апрача палітычнай дзейнасьці, адмініструе папулярныя ў раёне мясцовыя тэлеграм-каналы, вайбэр-чат «Столбцы РАЗАМ» і ютуб-канал, на якія падпісаныя тысячы людзей. Менавіта гэтыя каналы, а не партыйная дзейнасьць Лысянкова, зацікавілі сілавікоў.

«У лютым быў такі тыдзень, што мяне ажно чатыры разы дапыталі па чатырох крымінальных справах. І Сьледчы камітэт цікавіўся мною, і ГУБАЗіК вобшук праводзіў. Усё зводзілі да таго, што ў горадзе адбываюцца розныя злачынствы, а прычына, маўляў, у тым, што людзі наглядзяцца маіх відэа, пачытаюць ТГ-каналы і ідуць усё гэта рабіць. І былі намёкі, што 25 сакавіка я буду ў «бясьпецы ад грамадзтва», маўляў, яны мяне прытрымаюць. Адна справа — на суткі, я там ужо быў, а што, калі на гады? І таму я вырашыў выехаць».

Зь сярэдзіны сакавіка Мікалай у Польшчы, у горадзе Ўроцлаве. Як толькі ён выехаў, яго пачаў шукаць Сьледчы камітэт. Выклікалі жонку.

«Я ім пазваніў і патлумачыў, што мой тэлефон не адключаны, каб званілі па тым жа нумары, што і раней, і будзем гаварыць. Не, кажуць, трэба, каб вы прыехалі ўжывую. А ў чым праблема дапытаць праз вайбэр? Гэта ж тыя самыя пытаньні. Я вырашыў пакуль застацца тут. Можна, вядома, вярнуцца, але дзеля чаго? Каб прынесьці сакральную ахвяру?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0