Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Нагадаем, на СТБ выйшаў сюжэт аб чарговым пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. Вядучая агучыла ідэі, якія нібыта разглядае камісія для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, у тым ліку — дазволіць галасаваць грамадзянам выключна ва ўзросце 20-70 гадоў.

Рыгор Васілевіч адзначае, што гэта прапанова не была распрацавана камісіяй і прыйшла ў яе «звонку».

Экс-генпракурор лічыць такое абмежаванне недапушчальным.

— Ідэі могуць быць добрыя і розныя. У Канстытуцыйнай камісіі выкладаліся для ведама прапановы звонку, але яна рашэнняў аб узроставым «калідоры» для ўдзелу ў галасаванні (выбарах) — ад 20 да 70 гадоў — не прымала і наўрад ці прыме. Няма неабходнасці даказваць, што абмежаванне па верхняй узроставай мяжы (70 гадоў) для ўдзелу ў галасаванні з'яўляецца дыскрымінацыяй. Гэта недапушчальна. Таксама адмоўна стаўлюся да павелічэння ўзросту для ўдзелу ў выбарах з 18 гадоў да 20 гадоў. У некаторых дзяржавах такое права з'яўляецца з 19 гадоў. У нас устаноўлены аптымальны ўзрост для маладых людзей, — сказаў Tut.by Рыгор Васілевіч.

Агучаную на дзяржТБ ідэю абмежаваць узрост для галасавання раскрытыкаваў і спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык, які 10 гадоў прапрацаваў у БДІПЧ АБСЕ.

— Ніжні парог у 20 гадоў практычна беспрэцэдэнтны. Ва ўсім свеце толькі некалькі юрысдыкцый усталявалі парог ад 20 гадоў і вышэй — Науру, Тайвань, Бахрэйн, Аман, Самоа, Такелау, Тонга, Сінгапур, Малайзія, Кувейт, Ліван і Камерун. У ААЭ галасаваць можна толькі з 25 гадоў, ды і то не ўсім. У ніводнай краіне — ўдзельніцы АБСЕ парог не усталяваны вышэй за 18 гадоў, а ў некаторых ужо паніжаны да 17 або нават 16. Верхні парог наогул практычна не мае прыкладаў у свеце, што нядзіўна, паколькі гэта супярэчыла б фундаментальным міжнародным стандартам. Міжнароднае права прадпісвае, што абмежаванні «павінны грунтавацца на аб'ектыўных і разумных умовах». Максімальны ўзрост да такіх не адносіцца, — адзначае Шлык.

Цікава, што ў склад Канстытуцыйнай камісіі ўваходзяць тыя, хто ўжо сёння ці ў хуткай будучыні не змаглі б галасаваць, калі абмежаванне па ўзросце ў асноўны закон усё ж унясуць. Напрыклад, гэта старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, якому 72 гады. У хуткім часе былі б пытанні і да іншых членаў камісіі: мастацкаму кіраўніку «Тэатра-студыі кінаакцёра» Аляксандру Яфрэмаву 69 гадоў, кіраўніку Канстытуцыйнага суда Пятру Міклашэвічу, экс-кіраўніку Канстытуцыйнага суда і экс-генпракурору Рыгору Васілевічу і старшыні праўлення СВК «Агракамбінат Сноў» Мікалаю Радаману па 66 гадоў, як і Аляксандру Лукашэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0