Сяргей Брусаў ужо на волі. Ён паведаміў «Нашай Ніве», што пасля адбыцця пакарання яго брат Іван не выйшаў, бо быў затрыманы ў межах крымінальнай справы. Статус брата і іншых падрабязнасцяў Сяргей не ведае.

«Ведаю толькі, што ён у СІЗА на Валадарцы. За што ён там — інфармацыі не маю».

Іван Брусаў

Іван Брусаў

Нагадаем, браты Сяргей і Іван Брусавы 27 сакавіка вярталіся дадому па праспекце Незалежнасці. Міма праязджала вайсковая тэхніка, якую яны вырашылі сфатаграфаваць. Суду Іван растлумачыў, што тэхніку яны здымалі, бо яна ім спадабалася. Фатаграфаванне заўважылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі хлопцаў, паведамляюць праваабаронцы.

У Першамайскім РУУСе на братоў склалі адразу па два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП — гэта «мітынг» і «непадпарадкаванне».

На судзе браты прасілі не караць іх суткамі, бо іх маці нядаўна перанесла інсульт, ёй патрабуецца дапамога. Вырак суддзі Максіма Трусевіча — па 30 сутак кожнаму.

Мама братоў распавяла, што яны абодва зарабляюць на жыццё халтурамі, падпрацоўваюць у прыватнікаў. Абодва разведзеныя, абодва маюць судзімасці за бойкі. Па словах маці, Брусавы палітыкай асабліва не цікавіліся, у мітынгах і акцыях не ўдзельнічалі. Раней за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах братоў не затрымлівалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0